Пятніца, 24 лютага, выклікала лёгкі перапалох у Красным, калі па цэнтральнай вуліцы з мігалкамі адна за адной пранесліся тры машыны ДАІ.

Не, гэта было не над­звычайнае здарэнне, маладзечанская ДАІ выправілася ў чарговы рэйд, каб праверыць, ці выконваюць пешаходы і вадзіцелі правілы дарожнага руху.

Пакуль інспектары ДАІ чакалі карэспандэнта газеты, першы парушальнік якраз трапіў у іх поле зроку.

Жыхар Краснага Георгі атрымаў ад ДАІ не штраф, а некалькі флікераў

Жыхар Краснага Георгі атрымаў ад ДАІ не штраф, а некалькі флікераў

Мужчына, якога пазбавілі правоў кіравання паўгода таму, зноў трапіў у рукі да інспектараў ДАІ.

Дзяжурства па Красным і яго ваколіцах пачалося пасля 18 гадзін. Якраз сцямнела, і ў святле фар патрульных машын стала бачна, хто пераходзіць дарогу ў ­адзенні са святлоадбівальнымі элементамі, а хто не.

Першага такога парушальніка мы затрымалі на адной з неасветленых вуліц Краснага.

Мужчына прадставіўся Георгіем. Не ведаю, як ён, а я дакладна б інстынктыўна паспрабавала б збегчы пасля таго, як побач спынілася машына ДАІ з чырвона-сінімі мігалкамі і з яе высыпалі тры прадстаўнікі РАУС: начальнік маладзечанскага аддзялення ДАІ Дзмітры Юркевіч разам з двума ўчастковымі інспектарамі. Апошняй, з фотаапаратам, выбегла з машыны я.

– Чаму без флікера ў цёмны час сутак? – запытаўся начальнік ДАІ у мінака.

– Ды я тут побач, – разгубіўся мужчына.

– Не рабіце так больш, – сказаў Дзмітры Юркевіч, – аднак, паколькі вы першы парушальнік, вас штрафаваць не будзем, а падорым вам святлоадбівальныя элементы.

Начальнік ДАІ палез у багажнік машыны і дастаў адтуль некалькі флікераў:

– Гэта вам на адзенне. Воз у вас ёсць? Ёсць. Тады гэты флікер вам на воз. Суседзі ёсць? Ёсць. Гэтыя флікеры падарыце суседзям, каб яны таксама не парушалі. Найлепшага.

Міліцыянеры развіталіся, а я спытала:

– А дзе вы жывяце?

– А вось тут, – мужчына выцягнуў руку і паказаў на суседні дом.

Да брамкі свайго дома мужчына не дайшоў метраў 50.

Развітаўшыся з Георгіем, мы паехалі ўверх па вуліцы.

Смешна было назіраць, як з горкі спускаўся бус, але ўбачыўшы, што насустрач яму рухаецца экіпаж ДАІ, хутка развярнуўся.

Але не тут было! 861-ы экіпаж хутка дагнаў бус, кіроўца вымушаны быў спыніцца.

– А я раптам пачуў, што ў машыне нешта ляпаць стала, вось вырашыў развярнуцца, – апраўдваўся ўладальнік блакітнага буса.

ДАІшнікі агледзелі машыну, патрабавалі дакументы.

Пакуль мы ехалі да чыгуначнага пераезда, Дзмітры Юркевіч паспеў расказаць, што ў апошні час павялічылася колькасць ДТЗ з ­удзелам пешаходаў:

– І справа не ў тым, што вадзіцелі сталі няўважлівымі ці надвор’е, напрыклад, сапсавалася. Шкада, але пешаходы чамусьці думаюць, што ім усе вінаватыя: і спыніцца, і прапусціць. Вядома, гэта так. Але ўсё ж было б няблага, каб і яны самі думалі пра сваю бяспеку. Тое ж датычыцца і дзяцей. Хоць і вучаць іх і дома, і ў школе, што на дарозе трэба быць уважлівым, але ўсё адно здараецца, што выскокваюць на дарогу акурат перад машынай.

Мы займаем месца каля чыгуначнага пераезда ў Красным.

Мне тлумачаць:

– Будзем патруляваць тут, бо забываюцца і кіроўцы, і пешаходы,  што пасля таго, як загарэўся чырвоны сігнал семафора, чыгуначныя пуці перасякаць нельга.

Пакуль назіраем за цягніком, які прахо­дзіць, Дзмітры Юркевіч працягвае:

– А хутка вясна, на дарогах з’явяцца першыя “падснежнікі”. Год таму затрымліваў мужчыну, які ехаў без тэхагляду. І шчыра прызнаўся: а нашто мне тэхагляд праходзіць: я на машыне два разы ў год выязджаю. Першы раз, калі трэба ў лес па ягады, і другі – за грыбамі.

Падзяжурылі мы на пераедзе. За той час, што там стаяла машына ДАІ, правілы пераезда не парушыў ніхто.

Затое па праезнай частцы дарогі без флікераў хадзілі многія. Штрафавалі, тлумачылі.

Калі я развітвалася са сваім экіпажам, мне паабяцалі, што на гэтым праверка не скончылася і назаўтра мне абавязкова паведамяць, колькі пратаколаў было складзена за вечар пятніцы.

І сапраўды, роўна ў 9 гадзін раніцы Дзмітры Юркевіч падсумаваў:

– За ўчарашні дзень у Красным і ваколіцах мы склалі 76 пратаколаў за парушэнні правілаў дарожнага руху. Затрымалі шэсць бяспраўнікаў, 10 пешаходаў, якія пераходзілі дарогу ў неналежных месцах. Восем кіроўцаў не прапусцілі пешаходаў, чатыры былі не прышпіленыя, двое перавозілі дзяцей без спецыяльных крэслаў.