На пытанне, ці хацела б я жыць у Швецыі, упэўнена б адказала – не. А вось прыязджаць сюды зноў і зноў, каб адкрываць для сябе гэту загадкавую скандынаўскую душу, хочацца.

Аднак першае ўражанне ад Швецыі – расчараванне.

Уяўляеце, для іх Карлсан – адмоўны персанаж. І як нам расказала наш экскурсавод, Карлсана яны лічаць не шведам:

– Ён, хутчэй за ўсё, беларус: прыляцеў, нашкодзіў і зляцеў.

Таму ў Стакгольмскіх крамах вы не знойдзеце магніцікі з выявай Карлсана. А на доме, дзе жыла Астрыд Ліндгрэн і дзе месціцца быццам той самы дах, на якім жыў гэты “мужчына ў росквіце сіл”, няма нават шыльдачкі.

Затое Піпі Доўгай Панчохай шведы ганарацца.

А я стала ганарыцца шведамі пасля наведвання аднаго з пабаў.

Было гэта ў сераду, якую мясцовыя жыхары называюць “маленькай пятніцай”.

Шведы лічаць, што ў сераду працоўны ты­дзень пераваліў за экватар і ёсць нагода адзначыць гэту справу.

У пабах можа быць бязлюдна ў аўторак ці чацвер, але толькі не ў сераду.

Вольных месцаў проста няма: у пабе збіраюцца кампаніі, якія гуляюць у настолкі, салідныя мужчыны пад гальштукамі, якія, відаць, зайшлі ў паб толькі пасля працы, маладыя пары з дзецьмі. Маці калыша немаўля ў вазку, пакуль стыне яе гарбата. Пажылая пара корміць свайго сабачку бульбай фры са стала.

У шведскіх пабах трэба ўважліва  глядзець пад ногі, бо можа здарыцца, што каля  стойкі бара расцягнецца які-небудзь лабрадор. Так-так, бо ў пабы пускаюць з хатнімі жывёламі. А як жа, у гаспадара “маленькая пятніца”, а ў хатняга гадаванца не свята?

Цяпер пра кухню.

Самым дзіўным было тое, што мяса і катлеты яны ядуць… з варэннем. Проста ў талерку з асноўнай стравай кладуць лыжку бруснічнага варэння.

Канешне, у шведаў ёсць шмат чаму павучыцца або нешта пераняць.

Мне, прынамсі, вельмі спадабалася тое, што яны не завешваюць вокны. Абсалютна.

На кожным падваконні стаяць настольныя лямпы, якія не выключаюць нават на ноч.

Як нам расказвалі мясцовыя, гэта традыцыя адсылае да старажытнасці, калі на падваконне ставілі свечкі, каб выпадковы падарожнік не заблу­дзіў і заходзіў на агеньчык.

Мая суседка па пакоі вечарам закрывала вокны начнымі шторамі:

– Не, я не шведка, не магу з адкрытымі вокнамі спаць.

Дзівачка, а я змагла б.

Стакгольмскае метро – гэта мастацкая галерэя

Што яшчэ здзівіла ў Швецыі, дык тое, што паўсюль: у магазінах, у бібліятэках і іншых  установах абавязкова на сцяне вісіць дыфібрылятар на той выпадак, калі каму-небудзь з наведнікаў стане блага.

Але калі трохі па-чорнаму пажартаваць, то наведнікам крамы можа зрабіцца кепска ад цэн, якія яны тут пабачаць.

І вось што дзіўна: пра сэрца ў шведскіх магазінах думаюць, а вось пра фізіялагічныя патрэбы? У любым гандлёвым цэнтры ў прыбіральню ўваход платны.

Ведаеце, колькі каштуе паслуга скарыстацца туалетам? Адзін еўра.

Швецыя – краіна дарагая. Булка хлеба каштуе 4 еўра, а праязны на месяц – 80 еўра.

Канешне, скажаце вы, што там параўноўваць. У іх заробкі іншыя. Я не параўноўваю, я канстатую факт, што з нашымі заробкамі ў Швецыю можна ехаць толькі любавацца морам.

Яшчэ трэба ведаць гасцям Швецыі, што тут на выхадных не прадаюць спіртное. Увогуле. У супермаркетах можна купіць піва, якое ўтрымлівае не больш за 3,5% алкаголю, а за больш мацнейшымі напоямі трэба ісці ў спецыяльны дзяржаўны “алкагольны” магазін.

Але калі вы ўсё ж запланавалі культурны адпачынак, то магу параіць вам наведаць музей аднаго карабля –  музей Ваза.

Я не буду апісваць  усю гісторыю гэтага карабля, але цікава тое, што той карабель патануў у 1628 годзе, пратрымаўшыся на вадзе літаральна 15 хвілін.

Новы карабель спусцілі на ваду, ён адплыў ад берага і тут жа, на 333 гады, затануў. 

У 17 стагоддзі, сказалі б у нас. А ў Швецыі не так. Па іх падліках, карабель затануў у 16 стагоддзі. Так, і цяпер у іх ідзе дваццатае стагоддзе. Лічаць яны іх па першых  дзвюх лічбах года.

Таму, калі марыце вярнуцца ў мінулае, то вам – у Швецыю.

Чым яшчэ цікавы музей? Мяне здзівіў шведскі падыход да справы.

У 1960-х гадах карабель, які 300 гадоў ляжаў пад вадой, паднялі на паверхню. Ён за гэты час увабраў у сябе вады ў чатыры свае вагі.

І як думаеце, што рабілі скрупулёзныя шведы?

Яны 18 гадоў сушылі гэты карабель фенамі!

Ну, і можаце ўявіць сабе маштабы гэтага музея, калі ён цалкам прысвечаны аднаму караблю. На паверхню яго паднялі ў 60-х гадах, а музей адкрылі ў 1990 годзе.

Музей рыхтавалі да адкрыцця 30 гадоў, а з метро шведы вырашылі не замарочвацца і зрабілі яго проста ў скале.

І правільна зрабілі, бо стакгольмскае метро лічыцца адным з самых прыгожых у свеце.

Стакгольмскае метро называюць самай доўгай мастацкай галерэяй, бо станцыі аддалі афармляць мастакам. Вось яны і аформілі: і ў стылі авангардызму, і быццам станцыя – гэта пячора горнага караля, і так, быццам станцыю сваімі калякамі-малякамі размалёўвалі дзеці.

Калі хочаце параду перад паездкай у Швецыю, то магу параіць абуваць лёгкі і зручны абутак. Таму што гуляць па Стакгольме давядзецца многа.

Не прапусціце ніводнай драбязы, і гэтых успамінаў вам хопіць на год наперад.

P.S. А яшчэ Швецыя – мая краіна і таму, што ў мяне вельмі шведскае прозвішча. Па-шведску слова “тур” перакладаецца як удача.