Не ведаю як вам, а мне цяжка ўявіць, што недзе ў свеце людзі да гэтага з нецярпеннем чакаюць выхаду новай радыёпастаноўкі. Калі пачынаецца трансляцыя,  яны не адыходзяцца ад сваіх прымачоў, а спектаклі запісваюць і захоўваюць у сваёй уласнай фанатэцы.

Верыцца з цяжкасцю, але калі пра гэта гаворыць Дзмітры Плакс, пісьменнік і перакладчык, рэжысёр і драматург радыётэатра Шведскага нацыянальнага радыё, то застаецца толькі адкрыць рот і ісці за ім па рэдакцыі шведскага радыё, слухаць і здзіўляцца.

Дзмітры Плакс – ураджэнец Беларусі, іміграваў у Швецыю 20 гадоў таму.

– Аўдыёдрама папулярная не толькі ў Швецыі, напрыклад, Бі-Бі-Сі робіць, акрамя шматлікіх іншых пастановак, серыял The Archers, які ідзе ў эфір, калі не памыляюся, шэсць разоў на ты­дзень ад пачатку 1950-х гадоў. Колькасць эпізодаў набліжаецца да 20 тысяч. У Швецыі ж існуе моцная традыцыя, але важна і тое, што сучаснае жыццё пакідае ўсё меней вольнага часу, а слухаць пастаноўку можна адначасова з праменадам ці пад­час трэніроўкі ў спартзале, едучы на працу і гэтак далей.

Аддзел радыёдрамы на шведскім радыё сёння мае чатыры студыі. Але за гэтымі чатырма студыямі  хаваецца цэлы свет.

– Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, – гаворыць Дзмітры Плакс, адкрываючы першыя дзверы, – то радыётэатр пачынаецца з кухні.

Тут, на кухні ў студыі, за кубкам кавы, аўтары чытаюць, абмяркоўваюць сцэнар. Усе знакамітыя рэжысёры і акцёры Швецыі, хваліцца Дзмітры, супрацоўнічалі з радыётэатрам. Вядомы рэжысёр Інгмар Бергман таксама піў каву на кухні ў студыі.

– А на памяць нам пакінуў намаляванага на стале чорціка. Любіў Бергман чорцікаў маляваць. Дарэчы, самая апошняя праца ў жыцці генія – якраз у радыётэатры. Супрацоўнічаў з радыётэатрам і адзін з самых знакамітых шведскіх акцёраў – Эрланд Юсэфсан.

Ходзячы па студыях радыётэатра, трэба памятаць пра дзве рэчы: нічога не чапаць рукамі і ўважліва глядзець пад ногі.

Рукамі не трэба нічога чапаць, бо сцены ў памяшканнях для гуказапісу зробленыя са спецыяльнага матэрыялу, які не прапускае гук. А тлушч, які ёсць на руках, можа сапсаваць гэту гуканепранікальнасць.

Акрамя таго, калі Дзмітры паказваў пульт, за якім працуюць тэхнікі, а каштуе ён больш за 300 тысяч еўра, у гэтым памяшканні было страшна чхнуць.

– А калі раптам самі тэхнікі разальюць каву, гэта караецца забойствам? – у жарт пытаюся я.

– Нашы тэхнікі вельмі любяць сваё працоўнае месца, таму калі вы прыйдзеце да іх з кавай, яны хутчэй вас заб’юць, – адказаў Дзмітры.

І я не ўпэўненая, што ён адказаў жартам, бо вокны радыётэатра выхо­дзяць на старыя могілкі.

– Шведскае радыё знаходзіцца на месцы былога каралеўскага гарнізона. Тут хавалі салдатаў і афіцэраў, – патлумачыў Дзмітры.

А пад ногі на радыё трэба глядзець таму, што вы выпадкова можаце наступіць на “спадара Юхансана”.

“Спадар Юхансан” – гэта два звязаныя вяроўкай бервяны.

– Справа ў тым, што калі гэту канструкцыю кінуць на падлогу, гук бу­дзе, быццам упала цела чалавека. На шведскім радыё многа людзей палегла… – жартуе Дзмітры.

Тут такіх штук, якія служаць для імітацыі розных гукаў, – процьма.

І нейкія плёнкі, якія імітуюць гук сухога лісця, і камяні, і рыдлёўкі, і розныя дзверы, вокны, лесвіцы, машыны… А колькі абутку!

– Тут толькі дзве шафы: для сучаснага мужчынскага і жаночага абутку. Яшчэ шмат чаго знаходзіцца на складах, дзе захоўваюцца рэчы для гістарычных пастановак.

Здараліся падчас працы над радыёспектаклямі і розныя нечаканасці.

Аднойчы ў вялізнай 600-літровай ванне, у якой запісваўся чарговы сюжэт, ледзьве не патануў вядомы шведскі акцёр.

А яшчэ Дзмітры паказаў памяшканне, дзе агучваюць спектаклі пра Беларусь.

Гэтым памяшканнем аказалася… турма з жалезнымі кратамі.

Не так даўно Дзмітры для шведскага слухача пераклаў і паставіў пастаноўку па кнізе Святланы Алексіевіч  “Час Second Hand”.

– Цяжэй за ўсё было перапрацаваць 700 старонак празаічнага тэксту ў 40 старонак драматургічнага.  У гэтай п’есе было задзейнічана 14 прафесійных акцёраў і 150 статыстаў.

У цэлым, прызнаецца Дзмітры,  водгукі на гэту працу былі станоўчыя і ў гледачоў, і ў крытыкаў.

Цікава, калі мае п’есы ставіць іншы чалавек

– Колькі слухачоў у Швецыі паслухалі “Час Second Hand”?

– Дакладную лічбу назваць немагчыма, бо фм-аўдыторыя вымяраецца прыкладна, наколькі я разумею. Па апошніх пад­ліках, першы канал шведскага радыё, дзе транслявалася пастаноўка, слухае трохі больш за два міль­ёны чалавек у ты­дзень. Дакладней можна падлічыць колькасць праслухоўванняў з электронных платформ – сайта і аплікацыі для тэлефонаў і планшэтаў, а таксама колькасць загрузак. Але я і тут не назаву дакладнай лічбы, бо папросту не памятаю. Калі не памыляюся, спектакль увайшоў у першую пяцёрку за мінулы год, што няблага, калі ўлічваць складанасць, “цяжкасць” матэрыялу і агульную колькасць пастановак, якія штогод выходзяць у эфір. Толькі прэм’ер было каля трох дзесяткаў, а ёсць жа яшчэ і паўторы.

– Ці ставілі якіх беларускіх аўтараў, акрамя Алексіевіч?

– Я ставіў спектакль паводле кнігі Артура Клінава “Мінск. Горад сонца”. Па маіх перакладах іншымі рэжысёрамі былі пастаўленыя “Нічый Чарнобыль” Барыса Пятровіча (перакладчык Ludvig Josephson), а таксама “Спасцігаючы каханне” Мікалая Халезіна і Наталлі Каляды (перакладчыца Natalie Ringler). У першых двух выпадках, як і ў выпадку з пастаноўкай па кнізе Святланы Алексіевіч “Час Second Hand”, я таксама рабіў драматургічную апрацоўку арыгінальнага празаічнага тэксту.

– Больш задавальнення выклікае ставіць свае п’есы?

– У цэлым – не. Мне цікава, як мой тэкст прачытае іншы чалавек, якія высновы зробіць, што пад­крэсліць, што схавае. Я ж і так звычайна здагадваюся, як бы я паставіў тэкст, які напісаў. Ну але, часам, калі, да прыкладу, я толкам не ведаю, што з гэтым тэкстам рабіць і мне трэба яго “пакруціць”, то я стаўлю і ўласныя тэксты. Вось літаральна толькі што вярнуўся з Прагі, дзе якраз ставіў кароткі дыялог, які напісаў пэўны час таму.

 – Якім чынам адбываецца адбор п’ес, якія падыходзяць для радыёпастановак?

– Аддзел драмы шведскага радыё мае мастацкага кіраўніка. На сённяшні дзень гэта яе праца. Раней існаваў драматургіят, нешта кшталту мастацкага савета, які займаўся рэпертуарам. У розныя перыяды гэта робіцца па-рознаму.

– Колькі радыёпастановак ставіцца вамі за год?

– Год на год не прыходзіцца, я працую не толькі як рэжысёр, але і як драматург, і як прадзюсар, але ад адной да чатырох-пяці, недзе так.

– Колькі чалавек працуе над тэхнічным бокам пастановак?

– На шведскім радыё няма раздзялення на гукаінжынераў і гукарэжысёраў (саўнддызайнераў), таму тэхнічным бокам займаецца звычайна ­адзін чалавек. Але залежыць ад праекта, бывае, што над пастаноўкай працуе і два, і тры “тэхнікі”. Акрамя таго, ёсць асістэнт рэжысёра, які адказвае за гукавыя эфекты, рэквізіт, шукае патрэбную музыку і г.д.

– Ці ёсць у планах паставіць п’есу для тэатра?

– Калі вы маеце на ўвазе сцэнічны тэатр, то вы ўгадалі. Я нічога не рабіў для сцэны ўжо амаль 15 год, і ў мяне ёсць ідэя паспрабаваць нешта зрабіць. Але пакуль гэта толькі ідэя, ніякіх канкрэтных планаў я, на да­дзены момант, не маю.

Затое мы ставім калыханкі!

Заканчваючы размову з Дзмітрыем Плаксам, я запыталася:

– Як вы думаеце, чаму ў Беларусі непапулярныя радыёпастаноўкі?

–  Я, дарэчы, не думаю, што аўдыёпастаноўкі непапулярныя і нікому непатрэбныя ў Беларусі. Проста гэта праца, якая патрабуе шмат рэсурсаў, якіх, я падазраю, ні ў беларускага радыё, ні ў каго іншага ў Беларусі сёння няма.

Алена Давідовіч, намеснік дырэктара інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Беларускага радыё пераканала ў тым, што радыёпастаноўкі ў Беларусі жывуць.

– Кожны дзень на канале “Культура” і на “Першым канале” Беларускага радыё ідуць пастаноўкі. Канешне, шмат пастановак трапляюць у эфір з архіва, аднак мы працягваем запісваць новыя. Пераважна запісваем  п’есы да пэўнай даты: юбілеяў пісьменнікаў або іншых круглых дат. Цяпер працуем над п’есай сучаснага аўтара да 75-годдзя Перамогі.

Алена Давідовіч прызналася, што запіс спектакля вымагае шмат грошай.

– Канешне, канкрэтную суму вам ніхто не назаве, але ўявіце сабе, колькі можа каштаваць запрашэнне вядучых беларускіх акцёраў, падрыхтоўка тэхнічнага боку спектакля, яго мантаж і гэтак далей. Затое, мы кожны дзень запісваем калыханкі для дзетак. А шведскае радыё так робіць?