– Прывітанне! Тану разам з машынай на сваёй роднай вуліцы! Напэўна, зараз буду выратавальнікам тэлефанаваць, – падзяліўся з намі набалелай праблемай жыхар вёскі Шнуры, што на Маладзечаншчыне, Пётр Цыганок.

Хаця праблема гэта не толькі аднаго Пятра. Яна датычыцца ўсіх жыхароў вёскі Шнуры. Вось ужо колькі дзесяцігоддзяў тут няма добрай дарогі.

Жыхары Шнуроў: вясны чакаем з асцярогай

Па словах Пятра, жыхары вёскі даўно спрабуюць вырашыць сваю праблему. Яны тэлефанавалі ў розныя інстанцыі, збіралі подпісы, пісалі калектыўныя пісьмы і ў маладзечанскі райвыканкам, і ў “Камунальнік”. Аднак ні афіцыйнага адказу, ні тым больш, вынікаў, яны не атрымлівалі.

 Фота Пятра Цыганка.

Фота Пятра Цыганка.

Спрабавалі неяк самастойна паправіць дарогу. Сваімі сіламі прывозілі ў вёску будаўнічае смецце, засыпалі ім дарогу. Аднак праблема вырашалася ненадоўга.

Кожнай вясны жыхары Шнуроў чакаюць з асцярогай.  Бо снежная і марозная зіма на пэўны час вырашае праблемы з дарогай. Снег падае, укатваецца, замярзае – і тады можна ездзіць.

Але кожная вясна – гэта сапраўднае стыхійнае бедства. Бо вясной, а таксама летам і восенню ў час моцных дажджоў вуліца ў літаральным сэнсе “плыве”.

Калі растае снег, вялізныя лужы, гразь і глыбокія ямы не толькі на дарозе. Шмат вады адтуль ліецца ў двары. Вада даходзіць да ганкаў. У гаспадароў па дварах плаваюць дровы і брыкет.

– Мы не просім рабіць праз вуліцу асфальт, – агучвае Пётр думкі жыхароў усёй вёскі. – Няхай бы хаця б добра падсыпалі тыя 250-300 метраў дарогі.

Вада з дарогі ліецца ў двор. Фота Пятра Цыганка.

Вада з дарогі ліецца ў двор. Фота Пятра Цыганка.

Раз на тыдзень прыязджае машына, якая забірае смецце. Яна робіць вялікія каляіны. Тады не толькі праехаць, а нават і прайсці цяжка, скардзяцца суседзі.

Кожная вясна – гэта стыхійнае бедства.  Фота Пятра Цыганка.

Кожная вясна – гэта стыхійнае бедства. Фота Пятра Цыганка.

Кожную вясну Пётр сам “патанае” на машыне ў адной з ям на дарозе. Страшна падумаць, кажа мужчына, калі праз такую дарогу да кагосьці з жыхароў не даедзе “хуткая дапамога”.

УП “Камунальнік”: што можам, тое робім

Ні будаўніцтва новай дарогі, ні рамонт старой праз вёску Шнуры не плануюць, патлумачыла начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП “Камунальнік” Таццяна Паляковіч.

У бок вёскі будуецца горад. Шматпавярхоўкі літаральна “наступаюць” на прыватны сектар у Шнурах. Хутчэй за ўсё, будзе нейкая агульная дарога. Але праз вёску – дакладна не.

Па словах Таццяны Паляковіч, па магчымасці дарогу, пра якую вядзецца гаворка, рамантуюць. На ёй засыпаюць ямы, грэйдзируюць. Гэта значыць, раўняюць дарогу спецыяльнай машынай.

На больш істотны рамонт грошы не выдзяляюць.