Анлайн-пляцоўка для звароту грамадзян у дзяржаўныя органы і рэалізацыі грамадскіх кампаній zvarot.by збірае подпісы супраць будаўніцтва офіснага цэнтру ў Курапатах.

У лісце сказана: “Супрацьстаянне лагеру абароны Курапатаў скончанае, аднак гэта не азначае, што на тое ж месца не прыйдзе іншы забудоўца. Каб абараніць гэтае месца ад новай будоўлі, яму неабходна надаць статус ахоўнай зоны, што забараніць узвядзенне наземных будынкаў i збудаванняў, якія не адносяцца да Курапацкага некропалю.”

Каб пакінуць свой голас, варта запоўніць на сайце абавязковыя палі. Сярод іх прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, электронную пошту заяўніка. Пасля гэтага націснуць кнопку “Адправіць”.

Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Міністэрства культуры  13 сакавіка.

Ён складзены ў адпаведнасці з патрабаваннямі закона “Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб” і павінен разглядацца дзяржаўнымі органамі.

Адказ з Міністэрства культуры павінен прыйсці на пазначаны ў калектыўным звароце адрас электроннай пошты першага ў спісе заяўніка або можа быць апублікаваны на сайце дзяржаўнага органа праз 15 дзён з моманту рэгістрацыі звароту.

На 7 сакавіка пад зваротам падпісалася 92 чалавекі з 500.

Нагадаем, што жыхары нашага рэгіёна, віляйчане Аляксей Сюдак, Максім Ціханаў і Аляксей Пасынкаў, сталі таксама аднымі з абаронцаў Курапатаў. Мужчыны ўпэўнены, што гэта абавязак кожнага беларуса – бараніць сваё, захоўваць святыя для народа мясціны, дзе пахаваныя яго героі.

Паводле zvarot.by.