У Вілейскім райвыканкаме Еўрарадыё патлумачылі, што насамрэч рабілі дарожныя рабочыя. Відэа, на якім былі зафіксаваны іх дзеянні (яны сыпалі нейкі матэрыял адразу ў лужыну), напярэдадні з’явілася на YouTube. Яны парушылі тэхналогію, распавяла Еўрарадыё начальніца аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вольга Малафей.

– Яны кідалі з шуфля ў лужыну матэрыял. А мусілі вымесці ваду і засыпаць матэрыял у яміну. Справа ў тым, што гэта не асфальт, а гранулятар са старога асфальту. Яго выкарыстоўваюць пад ямачны рамонт, – расказала Вольга Малафей.

Чыноўніца дадала, што цяпер асфальт не ўкладваюць, бо заводы яго не робяць. Таму ад такой засыпкі ніякіх стратаў няма, проста парушана тэхналогія.