У Маладзечне адзначылі 115-годдзе са дня нараджэння мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай. 2 сакавіка ў Палацы культуры адкрылася выстава маладзечанскіх мастакоў  “Вясна. Музыка. Жывапіс”. 

На выставе гледачы маглі пабачыць самыя веснавыя, празрыстыя і паветраныя  працы Міколы Аўчыннікава, Аляксандра Пашкевіча, Рыгора Мяжуева, Уладзіміра Тамашэвіча, Юрыя Церабуна, Віктара Камлюка, Дзмітрыя Сакалоўскага, Наталлі Аўчыннікавай, Алены Владыкі, Галіны Сушко, Лізаветы Чырвонцавай, Ірэны Ханеўскай, Інгі Буды, Васіля Казака.

А пачалося адкрыццё выставы з паказу фільма пра Ядвігу Раздзялоўскую, які калісьці здымаў Юры Церабун.

На слайдах гледачы маглі пабачыць работы Ядвігі Раздзялоўскай, пачуць успаміны пра яе маладзечанскіх мастакоў.

Мікола Аўчыннікаў, які прысутнічаў на імпрэзе, успамінаў пра тое, як маладыя маладзечанскія мастакі любілі прыходзіць на вуліцу Віленскую дом № 5 да пані Ядзі ў госці.

– Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваюцца 24 работы мастачкі, – сказаў Мікола Аўчыннікаў, –  і я спадзяюся, што маладзечанцы змогуць пабачыць іх у хуткім часе ў нашым музеі.

Гаварылі пра тое, што Ядвіга Іосіфаўна была не толькі таленавітай мастачкай, але не менш і таленавітым педагогам.

Яна заснавала народную мастацкую студыю, якая працуе і цяпер, выхавала цэлую плеяду вядомых мастакоў, кожнаму магла даць параду ў творчасці і з жыцці.

– З ёй можна было гаварыць на любыя тэмы, – гаварыў Мікола Аўчыннікаў.

А вось выкладчыца дзіцячай мастацкай школы Алена Кучко гаварыла пра  Ядвігу Раздзялоўскую не як пра мастака, а як пра звычайную жанчыну з незвычайным густам.

І, канешне ж, падчас імпрэзы гучала музыка Шапэна, кампазітара, якога так любіла пані Ядзя.

На выставе гаварылі пра тое, што сёлета споўнілася б 90 гадоў Кастусю Харашэвічу, сябру Ядвігі Раздзялоўскай, а ў наступным годзе 70-годдзе з дня нараджэння Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага, вучня Ядвігі Раздзялоўскай. А гэта значыць, што горад мастацтва і творчасці будзе жыць.