Супрацоўнікі зялёнапаркавай гаспадаркі, як ніхто іншы, адчуваюць хуткі прыход вясны.
Таму што, пакуль паўсюль толькі сыходзіць снег, на іх працоўных месцах ужо прабіваюцца першыя ўсходы тых кветак, якія праз пару месяцаў упрыгожаць вуліцы горада.
Некаторыя расліны толькі высоўваюцца з зямлі, іншыя супрацоўніцы цяпліцы Ала Жаўняровіч, Юлія Субач, Валянціна Сянько ўжо рассаджваюць.
– Прыйдзіце праз месяц, вы нашы цяпліцы не пазнаеце, – адказваюць мне, – і з нашых “вошак”, якія ледзьве-ледзьве прабіваюцца з зямлі, заквітнее цэлы горад.
Пакуль астатнія займаюцца перасадкай віёл, на экскурсію па цяпліцах мы выправіліся са старшым майстрам Анастасіяй Гафуравай.
– Гэта першыя кветкі, які з’явяцца на клумбах горада, калі знікне небяспека замаразкаў. А значыць, недзе ў канцы красавіка.
А вось на 8 сакавіка маладзечанкі застануцца без цюльпанаў ад зялёнапаркавай гаспадаркі.
– Нас падвялі пастаўшчыкі, і сёлета мы не паспелі закупіць цыбуліны і вырасціць кветкі. Затое мы пры любых умовах імкнёмся захаваць грады з нашымі каламі. Маладзечанцы пра гэта ведаюць, і попыт на гэтыя белыя, прыгожыя кветкі заўсёды высокі.
Раней, расказваюць супрацоўніцы цяпліцы, якія маюць за плячыма 20-гадовы працоўны стаж, у горадзе амаль не было клумбаў, таму зялёнапаркавая гаспадарка вырошчвала і цюльпаны, і ружы, і гваздзікі.
– Цяпер жа клумбаў настолькі многа, што вельмі дорага вырошчваць нейкія пераборлівыя кветкі ці тыя, якія дорага каштуюць. Да таго ж, усё лета даводзіцца адсаджваць кветкі, якія засохлі, або тыя, якія скралі з клумбаў.
Таму гаспадарка перакваліфікавалася і цяпер пераважна вырошчвае расаду.
Сёлета ў горадзе зацвіце бягонія, сальвія, нагаткі, агератум, тагецес, петунія, сурфінія, цынерарыя, цынія.
Зялёнапаркавая гаспадарка да майскіх святаў плануе высадзіць каля 40 тысяч кветак адной толькі віёлы. Усяго ў цяпліцах вырошчваецца 500 тысяч адзінак расады.
– Плошча нашых цяпліц займае 2260 квадратных метраў. Тут растуць не толькі вулічныя, але і хатнія кветкі, якія таксама можна ў нас купляць. Ёсць у нас і гадавальнік, дзе мы вырошчваем саджанцы дрэў, якія потым будуць азеляняць горад: клён, ясень, розныя кусты. У маі будзем прадаваць і расаду памідораў, агуркоў, капусты.
Мы вырошчваем сярэдняспелыя гатункі памідораў “Ляна” “Загадка”, “Салярыс”, капуста ў нас ёсць і ранняспелая, і познаспелая, якую людзі бяруць на квашанне.
Падзяліліся работніцы цяпліц і сакрэтам, што эксперыментаваць з новымі раслінамі, бывае, не дазваляюць прыродныя ўмовы ў Маладзечне.
– Канешне, нам хочацца нечага новага, асабліва летам. Але мы хочам, а прырода гэта не прымае. Вось, напрыклад, шосты ці 10 мікрараён. Вам здаецца, што там усё прыгожа, усе цвіце, а не. Там такія вятры дзьмуць, што многія расліны проста не выжываюць. А вось самая ўрадлівая зямля ў гарадскім парку.
Нягледзячы на цяжкую фізічную працу, супрацоўніцы зялёнапаркавай гаспадаркі любяць сваю работу. І тысячны парастак той самай віёлы гэтак жа беражліва садзяць у асобны гаршчок, як і першы.