Напярэдадні 8 Сакавіка мы сустрэліся з псіхолагам Анжэлай Клінцэвіч, каб пагутарыць пра тое, як зразумець мужчыну і якія наступствы могуць мець стэрэатыпы, у якія мы верым.
Анжэла Клінцэвіч працуе псіхолагам аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі маладзечанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Расказала, што да яе звяртаецца шмат жанчын, у якіх узнікаюць праблемы ў асабістых адносінах.
– А ўсё таму, што жанчыны забываюцца пра тое, што, каб жыць са сваім мужам у згодзе, ёй трэба забяспечыць яму ўсяго пяць базавых патрэбаў.
1. Шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік.
– І гэта зусім не стэрэатып. Насамрэч, каб мужчына не думаў пра палюбоўніц, у якіх хораша, спакойна і сыта, усё гэта павінна быць у яго дома.
Мужчыны імкнуцца да таго, каб ім заўсёды было што з’есці, дзе адпачыць, мець сваё жыллё, хвалююцца пра ўласнае здароўе, жадаюць пазбегнуць болю.
– Чаму мужчына часам не сыходзіць ад нелюбімай жонкі да жаданай палюбоўніцы? Ды таму, што ўтульнасць ён цэніць больш. Ці чаму ён, наадварот, збягае з дому, дзе яго ўвесь час “пілуюць”? Ды таму, што мужчына хоча цішыні і адпачынку ў сябе дома.
2. Мужчына імкнецца да таго, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні, хоча бяспекі для сябе і сваёй сям’і.
3. Мужчына павінны адчуваць сябе сваім у кампаніі аднадумцаў: сярод заўзятараў, аўтааматараў, паляўнічых, рыбакоў.
– Дайце яму свабоды ў яго захапленні. Мужчына вам аддзячыць, вось убачыце.
4. Не толькі жанчыны чакаюць, што блізкія заўважаць іх новую прычоску або пахваляць смачна згатаваны абед. Мужчыны яшчэ больш чакаюць прызнання сваіх талентаў, чым жанчыны.
– Хваліце свайго мужчыну! За тое, як ён забіў цвік, за тое, як ён кіруе машынай, за тое, як ён смачна пахне.
5. Мужчына хоча самарэалізацыі. А рухавік прагрэсу – гэта, як вядома, жанчына.
Дапамажыце свайму мужчыну (ды і сабе заадно) выбраць занятак, які будзе ўносіць разнастайнасць у жыццё.
– Прапануйце свайму мужчыну разам пайсці ў спартыўную залу, навучыцца фатаграфаваць, паспрабаваць свае сілы ў лацінскіх танцах. Вось убачыце, наколькі зменяцца вашы адносіны, калі мужчына будзе бачыць у вас не толькі спадарожніцу, але і сваю музу.
“Сцерпіцца – злюбіцца”… але якімі сродкамі
Анжэла Клінцэвіч усё ж перасцерагла, што пры ўсім жаданні дагадзіць свайму спадарожніку, не трэба забывацца пра сябе.
– О, жанчыны любяць ахвяраваць сабой. Паверце, гэтага ніхто не ацэніць. Па-першае, трэба любіць сябе, жыць з сабой у згодзе. Да мяне на кансультацыю прыходзіла жанчына, якая скардзілася на тое, што ў яе першы муж алкаголік, другі – таксама. А яна ўвесь час іх ратуе. Канешне, у гэтай маёй кліенткі ўжо склалася мадэль паводзінаў, яна і не ўяўляе, што бываюць іншыя мужчыны, але самае страшнае, калі даводзіцца чуць: “Сцерпіцца – злюбіцца, затое я замужам, каб суседзі не гаварылі”.
Думаць так, кажа псіхолаг, гэта прамы шлях да захворванняў, таму што жанчына ўвесь час жыве ў стане стрэсу.
– Адсюль і сардэчна-сасудзістыя захворванні. А мужчыны хварэюць на сэрца і таму, што мамы ім у дзяцінстве гаварылі “Не плач, ты ж мужчына”. Вось яны і трымаюць усё ў сабе. А потым паміраюць заўчасна, таму што сэрца не вытрымала.
Раіць Анжэла Клінцэвіч адмовіцца і ад стэрэатыпнага выразу: “Не мужчынская гэта справа”.
– Патрыярхальныя замашкі даўно трэба пакінуць у 19 стагоддзі.
Гэта тады мужчыну называлі “грошапрыношчык”. А цяпер жанчына, акрамя таго, што працуе на рабоце, прыходзіць дадому і становіцца да пліты, да праса, займаецца з дзецьмі. Прыборка, прыгатаванне ежы, догляд за дзецьмі – гэта проста работа, якую па сілах выканаць і вашаму ненагляднаму.
Парады зразумелыя і простыя, але калі ў вас засталіся канкрэтныя пытанні або вам патрэбная індывідуальная кансультацыя, званіце на тэлефон даверу: 8-0176-74-66-20. Тэлефон працуе ў будныя дні з 8:00 да 17:00.
– І яшчэ адна парада жанчынам, – падсумоўвае Анжэла Клінцэвіч, – не спяшайцеся давяраць праблемы сваім сяброўкам, лепш даверце псіхолагу. Па-першае, мы не спытаемся ні ваша імя, ні месца працы і жыхарства, а па-другое, усё, што вы раскажаце, застанецца ў кабінеце псіхолага, а не пачне ў выглядзе плётак даходзіць да вас з вуснаў іншых сябровак. Ну, і дыхайце глыбей, яно дапамагае, – усміхаецца Анжэла Клінцэвіч.