Упершыню ў серыі падобных акцый да пратэстантаў выйшаў прадстаўнік улады. Гэта старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.

Ён папярэдзіў, што мітынг несанкцыянаваны, і запрасіў дэлегатаў незадаволеных прайсці з пытаннямі ў райвыканкам.

Маладзечанскія праваабаронцы ацанілі колькасць удзельнікаў на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне ў 500-600 чалавек. Падчас шэсця па вуліцы Прытыцкага іх стала болей, каля тысячы.

Маладзечанка Святлана сказала, што на прадпрыемствах пагражалі, што звольняць з працы, калі супрацоўнікі выйдуць.
Але яна прыйшла, бо бачыць, што

“горш няма куды, трэба нешта мяняць”.

Праз мегафон прамаўлялі жыхары, многія прыгадвалі аб шматлікіх маладзечанскіх заводах, якія цяпер зачыненыя ці ў разы скарацілі магутнасці. Казалі, што немагчыма знайсці працу.

Пенсіянерка 78 гадоў расказала, што заплаціла падатак за дачку – яе з-за хваробы не бяруць на працу.

– На новы год я ела ліверку з бульбай, гэта быў мой святочны стол.

Сказала, што ў яе статусе пенсіянера ёсць хоць адзін маленечкі плюс: можа выказваць сваю незадаволенасць, не баючыся страціць працу. А пенсію не забяруць.

Маладая сямейная пара прыйшла з дзіцем. У іх ёсць праца, але яны хочуць, каб іх дачка жыла ў лепшых умовах, чым яны. Таму прыйшлі на плошчу.

Агулам сабраліся вельмі розныя людзі. Шмат было мужчын сярэдняга веку, былі пенсіянеры, мамы з вазкамі, моладзь.

Былі людзі, што адмыслова прыехалі з іншых гарадоў – Мінска, Смаргоні, Вілейкі.

Пасля мітынгу арганізатараў затрымалі. У РАУС журналістаў не пусціці і каментароў на гэты конт не далі.