Два браты 18 і 16 гадоў, а таксама 15-гадовая сястра сышлі з дому, пакінуўшы запіску. Хоць крымінальную справу не заводзілі, заяву бацькоў ад 7 сакавіка прынялі, пошукавыя мерапрыемствы праводзяць. Па месцы жыхарства пабывалі супрацоўнікі следча-аператыўнай групы. Яны адпрацавалі ўсе кантакты з тэлефонных кніг, пакінутых падлеткамі. Прагледзелі запісы камер відэаназірання ў людных месцах, напрыклад, у раёне чыгуначнага вакзала.

– Прыкметы дзяцей і фота раздадзеныя ўсім патрульным нарадам. Прычым на пошук арыентаваны не толькі нарады па Віцебскай вобласці, але і па ўсёй рэспубліцы, а таксама калегі з прыгранічных раёнаў Расіі, – распавяла афіцыйны прадстаўнік УУС аблвыканкама Вольга Шкуратава.

Абставіны таго, што адбылося, распавёў бацька дзяцей Руслан Дзівін.

– У нас усяго восем дзяцей. Старэйшы сын цяпер жыве ў Амерыцы, вучыцца ва ўніверсітэце. Астатнія тут з намі. Нармальна вучацца, нехта гуляе ў настольны тэніс, нехта займаецца музыкай, ходзяць да рэпетытара. Карацей, нармальныя сям’я. У той дзень, 7 сакавіка, Руслан (18 гадоў), Цімур (16 гадоў) і Каця (15 гадоў) пайшлі ў школу і зніклі. Мы даведаліся пра гэта, калі ўвечары патэлефанавала бабуля і сказала, што яны не прыйшлі да рэпетытара. Падазраём, што яны маглі паспрабаваць пакінуць краіну, таму што ўзялі з сабой неабходныя рэчы, грошы, свае пашпарты, але пакінулі мабільныя тэлефоны з беларускімі сім-картамі, – сказаў Руслан Дзівін.

Прычынай сыходу з дому, на думку бацькі, магло стаць тое, што дзеці спалохаліся магчымага пакарання за дрэнныя паводзіны. Пра гэта сведчыць і пакінутая хлопцамі запіска.

– Мы з жонкай ездзілі ў Маскву па справах бізнесу, дзеці заставаліся пад наглядам бабулі. Ад старэйшага сына, які камунікаваў з малодшымі па інтэрнэце, я даведаўся, што ў маю адсутнасць дзеці пакаштавалі спіртное і цыгарэты. Я паабяцаў ім, што, калі вярнуся, іх чакае сур’ёзная размова, – растлумачыў кіраўнік сямейства.

– Спадзяёмся, што праз СМІ ўдасца дагрукацца да дзяцей, і яны самі вернуцца, – дадаў Руслан Дзівін.