Суд Маладзечанскага раёну пакараў старшыню Руху “За Свабоду” Юрыя Губарэвіча арыштам на 15 сутак за арганізацыю марша “Я недармаед” у Маладзечне.
Суддзя Аляксей Іршын не задаволіў хадайніцтва Губарэвіча пра выклік у суд у якасці сведак старшыні АГП Анатоля Лябедзькі і сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, на вядзенне фота- і відэаздымкаў. Пасля яшчэ аднаго хадайніцтва старшыні руху быў выкліканы дзяжурны адвакат, яны атрымалі час для азнаямлення са справай.
Іршын зачытаў, што Губарэвіч абвінавачваецца па арт. 23.34 ч. 3 (арганізацыя ці ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія былі здзейсненыя паўторна).
Па словах суддзі, лідар руху ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і “з дапамогай вуснай мовы выкрыкваў лозунгі” “За адмену Дэкрэта № 3 прэзідэнта “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства!”.
Губарэвіч не прызнаў сабе вінаватым, хаця згадзіўся з тым, што ён быў на плошчы, удзельнічаў у акцыі.
“Рашэнне пра арышт – гэта спроба ізаляцыі, асабліва напярэдадні акцый пратэста 15 і 25 сакавіка”, – сказаў сайту Pyx.by Юры Губарэвіч.
Па яго словах, у Маладзечне супраць пратэстоўцаў дзейнічалі дастаткова жорстка: затрымлівалі людзей, якія проста выступалі, ішлі ў першых шэрагах падчас шэсця. Па адміністрацыйных справах, адзначыў Губарэвіч, праходзяць 15 чалавек.
“Мэтанакіравана пад’ехала мінскае ўмацненне, удзельнікаў лавілі на падыходах да дому, выцягвалі з таксі. Цэлая аперацыя па запалохванню ўдзельнікаў маршу”, – дадаў старшыня руху.
Ён лічыць, што нягледзячы на затрыманні лідараў, гэта не саб’е хвалю грамадскага пратэсту.
“Асноўны матыў людзей, якія выходзяць на вуліцу – незадавальненне ўладамі, не важна ў якой форме. У людзей настолькі накіпела, што яны не хочуць трымаць ў сабе і гатовыя выходзіць на вуліцы”, – дадаў Губарэвіч.
Старшыня Руху лічыць памылкай уладаў затрыманне палітычных лідараў, бо гэта пакідае акцыі без адказных за іх людзей і робіць абсалютна непрадказальнымі.
Актывіст АГП Дзяніс Красачка атрымаў штраф 50 базавых (1150 рублёў), Аляксандр Панамароў, жыхар Маладзечна, 10 сутак, Вольга Кавалькова 7 сутак. Астатнія прысуды пакуль невядомыя.
Паводле pyx.by.