У панядзелак, 13 сакавіка, у Віцебску адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікамі Уладзімірам Садоўскім і Андрэем Дзічэнкам. Абодва аўтары сёлета выйшлі ў фінал літаратурнай прэміі “Дэбют” і прэтэндуюць на атрыманне галоўнага прызу – 2000 долараў.
Уладзімір Садоўскі прэзентуе свой нашумелы зомбі-хорар “1813”, Андрэй Дзічэнка – пікантную кнігу-падарожжа па памежных прасторах пад назвай “Сонечны чалавек”.
Аповесць Садоўскага ўжо за першыя тыдні з моманту публікацыі атрымала дзясятак станоўчых водгукаў і наступныя чатыры месяцы трымалася ў лідарах па выніках продажаў электронных кніг. У пачатку 2017 года кніга выйшла ў папяровым варыянце, і цяпер б’е рэкорды па распаўсюдзе.
Уладзімір Садоўскі. Фота vk.com.
Зборнік апавяданняў “Сонечны чалавек” Андрэя Дзічэнкі – дэбютная кніга аўтара на беларускай мове, якая выйшла толькі ў электронным варыянце. Да гэтага ён напісаў некалькі кніг па-руску. Друкуецца ў прэстыжным расійскім “Снобе”, вывучаецца ў курсах новай літаратуры ў каледжах ЗША. Галоўныя героі яго твораў – анамальныя людзі, ахвяры лакальных канфліктаў, азлобленыя маньякі, палкія дзяўчыны, ідэйныя цнотнікі і сталкеры з нязведаных сусветаў.
Фота забяспечана Андрэям Дзічэнкам.
Творчая сустрэча з пісьменнікамі, якія прымушаюць па-новаму глядзець на беларускую літаратуру, адбудзецца ў панядзелак, 13 сакавіка, у пабе “Торвальд” (вул. Талстога, 1). Пачатак а 19.00. Уваход вольны.
Паводле “Нашай Нівы”.