Вітаю вас, сябры! Хачу расказаць вам пра сваё невялікае падарожжа ў сталіцу Чэхіі.

Прага – вельмі прыгожы стары горад, які абавязкова трэба ўбачыць сваімі вачыма. Адправіліся мы туды восенню на цэлыя тры дні. Калі вы падарожнічаеце не на машыне, танны варыянт адправіцца ў Прагу на аўтобусе. 

З Мінска ў Прагу мы дабраліся за суткі. Раю вам купляць білеты на аўтобус з перасадкай у Варшаве. Так атрымоўваецца значна танней. У Польшчы ёсць некалькі аўтобусных перавозчыкаў, якія перыядычна прапаноўваюць скідкі на білеты. Гэту інфармацыю неабходна адсочваць у інтэрнэце.

Мы жылі ў гасцініцы практычна ў самым цэнтры. Трохмесны нумар са сняданкам і ўласнай ваннай абышоўся нам каля 60 еўра за суткі.

Дак вось, Прага…

Прага зачаравала нас. Гэты горад літаральна прасякнуты гісторыяй. Тут вельмі шмат турыстаў. Днём на Карлавым мосце яблыку няма дзе ўпасці. Таму раю не ленавацца і адправіцца на мост зранку. Вы адназначна не пашкадуеце. Вас чакае надзвычайны від.

Чэхі не вельмі добра разумеюць рускую мову. Але ж паразумецца вы зможаце. Валюта Чэхіі – кроны. Таму раю загадзя абмяняць грошы на радзіме ці ўзяць з сабой еўра. У горадзе велізарная колькасць абменных пунктаў, у якіх, дарэчы, можна і патаргавацца, абменьваючы грошы.

У Празе шмат кафэ і крамаў, таму галоднымі не застаняцеся.

Сярэдні чэк у кафэ на чалавека складае 6-7 еўра без уліку спіртных напояў. На вуліцах горада прадаюцца вядомыя чэшскія трэндлікі, трубачкі з салодкага цеста, якія каштуюць 2,5 еўра.

Кожны падарожнік лічыць неабходным пакаштаваць іх.

Абавязкова раю проста пагуляць па Празе, аддаліўшыся ад турыстычных сцежак. Так вы зможаце адчуць сапраў­днае жыццё горада. Прага вельмі прыязны і спакойны горад. Нават ноччу на вуліцы мы адчувалі сябе ў бяспецы.

Знаходзячыся ў Празе, мы ўспомнілі, што ў гэтым горадзе правёў свае апошнія дні наш першадрукар Францішак Скарына. І сталіца Чэхіі на імгненне падалася нам па-свойму роднай…