Літаральна на днях я паглядзела амерыканскую прыгодніцкую меладраму “Блакітная лагуна”. Героі фільма – хлопец і дзяўчына – трапілі на бязлюдны востраў. У мяне ўзнікла пытанне: а што б рабіла я, калі б на тыдзень трапіла на гэты востраў?

Добра, калі б гэта быў адзін з астравоў Карыбскага мора з роўным і мяккім кліматам. Калі б  я засталася там на тыдзень, мне б давялося паклапаціцца пра ежу, збудаваць сховішча. Галоўнае, каб на востраве была прэсная вада.

Што на кошт тых рэчаў, якія я б хацела ўзяць з сабой? Вядома, я б узяла прадукты харчавання, якія амаль не псуюцца: крупы, сухафрукты, хлеб, макароны, шакалад. Бо самастойна я б з цяжкасцю дастала які-небудзь плод з дрэва, або знайшла дзве-тры вядомыя ягады.

Але нешта мне падказвае, што харчоў надоўга не хапіла б. Шкада, але ніхто не мог бы ўбачыць карціну, як я карабкаючыся на пальму, спрабую палкай збіць какос.

Хоць, ёсць яшчэ адзін спосаб здабыць ежу – рыбалка! Я не спец у гэтай справе, але часта бываю з татам на азёрах, назіраю з боку за яго хітрымі махінацыямі ў лоўлі рыбы. На востраве, думаю, мне б давялося змайстраваць нешта ў выглядзе дзіды з вострым наканечнікам, каб без дапамогі вуды здолець здабыць рыбу (пра гэты спосаб я шмат чытала ў інтэрнэце, што-небудзь я абавязкова б злавіла).

Таксама патрэбна захапіць з сабой палатку, запалкі (ды не адзін карабок), нож, які-небудзь кацёл або металічнае вядро, аптэчку, спрэй ад казурак. Спадзяюся, я б не сустрэлася са змеямі, павукамі і яшчаркамі, таму што я іх да жаху баюся. Можа гэта і глупства, але я б захапіла з сабой фотаапарат, кааб захаваць унікальнасць і прыгажосць флоры і фауны гэтага вострава на фотаздымках. Узяла б з сабой кнігу або часопіс, кааб схаваўшыся ад пякучага сонца пад галінкамі дрэў, акунуцца ў займальную гісторыю.

Хацелася б атрымаць асалоду ад незвычайна прыгожых краявідаў, вадаспадаў, паглядзець на экзатычных птушак: папугаяў, якія дзівяць яркасцю свайго апярэння, маленечкіх калібры, самых маленькіх птушак на зямлі.

Без сумненняў, я б выкупалася ў цёплым моры і папесцілася пад прамянямі гарачага сонца. Спадзяюся, на гэтым тыдні не было б ліўняў, шторму ці ўрагану. Яны там бываюць досыць рэдка, але з маім шанцаваннем магло бы быць усё, што заўгодна.

Хацелася б проста зваліцца на пясок і расслабіцца, адчуць, як лёгкі ветрык прабягае па маёй скуры, а ногі казычуць хвалі, атрымаць асалоду ад спеваў птушак і шуму марскога прыбоя. Напэўна, нават ёсць плюсы ў тым, што гэты востраў бязлюдны. Гэты тыдзень я б змагла прысвяціць самой сабе, паразважаць, пераасэнсаваць многія рэчы, шмат чаму навучыцца, у рэшце рэшт, адпачыць. Думаю, калі б гэты час прайшоў без здарэнняў, мне хацелася час ад часу б вяртацца на мой ідэальны, выдуманы востраў.

Тым вечарам я б яшчэ доўга атрымлівала асалоду ад фантазій пра экзатычны востраў. Але раптам у маёй галаве прамільгнула думка: “А што, калі мой бязлюдны востраў будзе пакрыты вечнай мерзлатой? Не дай Бог!”.