Канстытуцыйны суд праводзіць абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў, прынятых парламентам, да іх падпісання прэзідэнтам. Ацэньвалася і канстытуцыйнасць законаў, якія прадугледжвалі ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс у частцы аднясення збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, уведзенага дэкрэтам, да рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлін), а таксама ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы замацавання адміністрацыйнай адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату збору.

«Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што такое прававое рэгуляванне грунтуецца на палажэннях артыкулаў 56 і 133 Канстытуцыі і накіраванае на выкананне абавязку плаціць законна ўстаноўленыя падаткі, пошліны і іншыя плацяжы», – гаворыцца ў паведамленні суда.

«Выплата падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў з’яўляецца безумоўным патрабаваннем дзяржавы, што вынікаюць з канстытуцыйнага абавязку кожнага прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў (артыкул 56 Канстытуцыі)», – дадалі ў судзе.

Канстытуцыйны суд таксама не выявіў прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне і з’яўляюцца падставай для распачацця Канстытуцыйным судом справы аб іх выключэнні.