Прапановы па ўнясенні змяненняў у дэкрэт № 3 маюць намер сфармуляваць да 1 красавіка, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч.

– Праца цяпер вядзецца, – сказаў Уладзімір Муквіч. Паводле яго слоў, над прапановамі па змене дакумента працуюць Мінпрацы і Міністэрства па падатках і зборах.

– На падставе гэтых змяненняў і будзе, магчыма, скарочаная колькасць плацельшчыкаў і прынятыя меры, якія рэгулююць парадак выплаты гэтага збору. Цяпер казаць пра тое, на каго будзе ўскладзенае яго адміністраванне, не варта. Але пры гэтым трэба адзначыць, што падатковыя органы гатовыя працягваць выконваць свае функцыі па адміністраванні гэтага збору, – адзначыў намеснік міністра.

Раней дэпутат Ігар Марзалюк распавёў, што 25 сакавіка падпішуць папраўкі ў дэкрэт №3.

Паводле яго слоў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацсходу распрацавалі папраўкі ў дэкрэт. Яны прапануюць пашырыць пералік катэгорый тых, каго вызваляць ад збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў.

Да дармаедаў не будуць адносіць прызыўнікоў тэрміновай і альтэрнатыўнай вайсковай службы, жанчын, якія знаходзіліся пад медыцынскім наглядам падчас цяжарнасці і родаў, студэнтаў дзённай формы навучання ў год паступлення і заканчэння навучальнай установы, а таксама грамадзян, якія знаходзіліся на псіханеўралагічным дыспансерным уліку.

Ад падатку, як плануецца, таксама вызваляць тых, хто валодае зямельным участкам незалежна ад яго мэтавага прызначэння і месцазнаходжання. Нагадаем, цяпер ад падатку на дармаедства вызваляюць толькі жыхароў вёсак і гарадскіх пасёлкаў, якія валодаюць зямельнымі ўчасткамі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.