Да Міжнароднага дня тэатра, які ўся творчая інтэлігенцыя адзначае 27 сакавіка, у Мінскім абласным драматычным тэатры адбудзецца прэм’ера спектакля “Прыгажуні” па п’есе Айвана Менчэла “Дзявочнік над вечным спакоем”.

Пакуль спектакль яшчэ ў стане падрыхтоўкі і рэпетыцый, мы сустрэліся з яго рэжысёрам Дзянісам Нупрэйчыкам і актрысай Святланай Яцэвіч, каб распытаць, што ж такога асаблівага і незвычайнага чакаць  маладзечанскім гледачам.

Дзяніс Нупрэйчык

Дзяніс Нупрэйчык

 – Будзе жудасна цікава, – адказвае рэжысёр.

 Спектакль гэты ішоў на многіх сцэнах свету, у тым ліку і на знакамітым нью-ёркскім Брадвеі.

– Частка дзеяння адбываецца на могілках. А ў цэлым, спектакль вясёлы, запальны, рамантычны і жыццесцвярджальны. Гэта гісторыя пра тое, што чалавек жыве, пакуль ён адчувае сябе жывым. Спектакль дае надзею і сілы рухацца далей. Не апускаць рукі і не адчайвацца. У спектаклі ўсе сітуацыі настолькі жыццёвыя, што кожны можа пазнаць у той ці іншай сябе.

Сюжэт у спектакля такі. Раз на месяц тры ўдавы збіраюцца на могілках,  каб навесці парадак на магілах сваіх мужоў, а пасля папіць гарбаткі і пагаварыць пра жыццё. Вось аднойчы там яны знаёмяцца з ­адзінокім удаўцом. І паміж імі ўспыхвае…

– А што ўспыхвае і што з гэтага адбылося, можна будзе пабачыць 25 сакавіка на сцэне тэатра.

У спектаклі задзейнічаная амаль уся мала­дзечанская трупа: Ала Цырук, Таццяна Карпец, Ірына Камышава, Людміла Рошчына, Ірына Кляпацкая, Аляксей Карпец, Наталля Скарынка, Аляксандра Грасевіч.

Акрамя іх, у спектаклі занятыя і мінскія акцёры: Святлана Яцэвіч і Валер Новік, якія што­дзень ездзяць на рэпетыцыі са сталіцы ў Мала­дзечна.

Спектакль “Прыгажуні” – гэта першае знаёмства Дзяніса Нупрэйчыка і маладзечанскага тэатра.

– Раней у нас не атрымоўвалася пазнаёміцца. Я прапаноўваў некаторыя п’есы, але, як кажуць, не складвалася. І вось нарэшце знаёмства адбылося. Што датычыцца трупы тэатра, то я быў уражаны ўзроўнем, патэнцыялам, прафесіяналізмам, талентам мала­дзечанскіх акцёраў.

Рэжысёр прызнаўся, што спадзяецца на тое, што гэта не адзіная яго сумесная работа з мала­дзечанскім тэатрам.

– У партфелі ляжыць ужо не адна п’еса, якую я мару ўвасобіць на сцэне. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.