Пакуль многія дзяўчынкі і хлопчыкі сумавалі ў горадзе, дзякуючы дабрачыннай арганізацыі Сaritas мне давялося пабываць у Германіі, у міжнародным дзіцячым лагеры “Нідэрмюлен”.
Нідэрмюлен – гэта месца, куды вельмі хочацца вярнуцца. Чаму? Па-першае, там вельмі маляўнічаяпрырода! Вакол горы, лясы і палі, а побач з домам, дзе мы жылі, – крынічка, якая нагадвала нам пра родную Беларусь. Чыстае-чыстае паветра навокал, а да бліжэйшагагорада – 12 кіламетраў.
А ўмовы, якія нам стварылі, былі проста выдатнымі! Мы жылі ў гіганцкім доме па тры-чатыры чалавекі ў пакоі. У кожнага ў пакоі –ванная і туалет. А як класна было спаць на двух’ярусным ложку! Калі надыходзіў вечар, мы любілі бавіць час у гульнявых пакоях або рассякаць цёплую роўнядзь басейна.
Па-другое, Нідэрмюлен – гэта вакацыі з Богам. Недалёка ад “нашага” дома была вялікая капліца з цудоўнейшай акустыкай, і спяваць у гэтай капліцы – адна асалода. Па нядзелях мы хадзілі пешшу ў касцёл, дзе шчыра маліліся і былі ў захапленні ад цудоўнай музыкі аргана.
Аднойчы мы наведалі лясную капліцу, у якой людзі моляцца на працягу ўжо 1000 гадоў. Уявіце сабе нашы пачуцці!
А назад нас забіраў аўтобус і наперадзе было шмат цікавага.
Так, у нас была вельмі насычаная праграма! Разам з мноствам забаўляльных гульняў для нас ладзілі найцікавейшыя вандроўкі і экскурсіі. Мы пабывалі ў такіх гарадах, як Кёльн, Бонн, Лінц, Оберхаузен, Кенігсвінтер і Осбах.
У Кёльне прайшла гульня-квэст на вуліцах горада. У Бонне мы наведалі музей нямецкай гісторыі. У Лінцы і Кёнігсбергу мы падымаліся на горы, адкуль адкрываўся надзвычай цудоўны від на гарады і раку Рэйн. У Оберхаузене мяне вельмі ўразіў музей “Газаметр”, дзе праходзіла фотавыстава “Цуды прыроды”. Асабліва здзівіла гіганцкіх памераў праекцыя Зямлі.
Потым мы былі ў цэнтры для беспрацоўнай моладзі, дзе падтрымліваюць маладых людзей і падлеткаў і дапамагаюць ім узяць старт ў жыццё. Тут жа мы зладзілі канцэрт для спонсараў з удзелам усіх адпачываючых.
І разам з гэтым усім, напэўна, самае важнае: колькі сяброў мы знайшлі!
У лагеры былі дзеці з Латвіі, Польшчы, Германіі і Беларусі. І хаця некаторыя з нас не ведалі нямецкай мовы, гэта не перашкаджала нам мець зносіны. Усе былі вельмі прыязныя. Мы гаварылі на англійскай, нямецкай, польскай і рускай мовах. Для мяне гэта была выдатная моўная практыка і магчымасць пасябраваць з равеснікамі.
І хоць шаснаццаць дзён праляцелі вельмі хутка і ўсе раз’ехаліся па сваіх родных куточках, зараз мы падтрымліваем зносіны ў інтэрнэце, і асабіста мне гэта дапамагае вывучаць нямецкую мову.
Вялікі дзякуй дабрачыннай арганізацыі Caritas за цудоўны адпачынак, знаёмства з цудоўнай краінай Германіяй і за новых сяброў!
Мы пабывалі ў такіх гарадах, як Кёльн, Бонн, Лінц, Оберхаузен, Кенігсвінтер і Осбах.
Уклалася ў 240 € – за пражыванне, харчаванне і візу, і 100€ – на пакупкі.