Дзяўчынка-падлетак пацярпела ў ДТЗ з удзелам машыны хуткай дапамогі ў Светлагорску, паведамілі БелТА ў аддзеле ДАІ Светлагорскага РАУС.

Інцыдэнт, у якім аўтамабіль хуткай дапамогі збіў 15-гадовую дзяўчынку, здарыўся ўвечары 17 сакавіка непадалёк ад чыгуначнага пераезду райцэнтра.

Службовая машына рухалася па вуліцы Сацыялістычнай з боку вуліцы Авіяцыйнай і наехала на пешахода, які перасякаў дарогу злева направа.

Паводле папярэдняй інфармацыі, дзяўчынка выйшла на праезную частку з-за аўтамабіля, які стаяў за пешаходным пераходам.

Медыцынскія работнікі на месцы здарэння аказалі дапамогу пацярпелай і даставілі ў бальніцу. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы ў стане комы.