Гэту гісторыю Уладзіміру Някляеву распавяла Святлана Чарняўская, удава Міхася Чарняўскага, вядомага беларускага археолага і гісторыка з Мядзельшчыны.

“Я толькі-толькі медінстытут скончыла, працаваць пайшла – і якраз пад эпідэмію грыпу патрапіла. 50 чалавек у паліклініцы прыняўшы, бегаю па выкліках, якіх таксама паўсотні. Ногі адвальваюцца.

Застаецца ў спісе апошняя кватэра – ісці не магу. Цяпер, можа, і не пайшла б, а тады… Давай-давай, маладая доктарка! Хворыя людзі чакаюць!

Падымаюся на трэці паверх – упокат ляжаць трое. Муж, жонка і дзіця. Дзяўчынка. Стэтаскоп у мяне на грудзях, слухаю дзяўчо – не чую. Ні дыхання, ні сэрца! Памерла! Ужо было некалькі смяротных выпадкаў…

Госпадзі! Як сказаць бацькам? Са мной жа такога не здаралася ніколі… Маўчу хвіліну, другою… Сама ўжо не дыхаю, у самой сэрца спыняецца…

І тут маці, якая побач з дачкой ляжыць, прыпадымаецца на локаць, глядзіць на мяне сумна-сумна, а потым ціха-ціха, бо праз хваробу зусім слабая, кажа: “Доктар, вы трубачкі ў вушы не ўставілі…”