Няпраўда, што супергероі бываюць толькі ў коміксах і ў баевіках. А як іначай можна назваць людзей, якія кожны дзень ратуюць жыцці?

Літаральна ўчора ў кабінет да загадчыка станцыі “хуткай дапамогі” прыбегла брыгады дактароў і фельчараў:

– У нас атрымалася! Паспяховыя рэанімацыйныя дзеянні. 32-гадовую жанчыну выратавалі, у нас атрымалася!

Загадчык станцыі Андрэй Мушавец хвалюецца і расказвае пра ўчынак дактароў, як пра подзвіг. Хаця, напэўна, так яно і ёсць.

– Сёння на 137 тысяч жыхароў Маладзечна і раёна працуюць 12 брыгад “хуткай дапамогі”: педыятрычная брыгада, брыгада інтэнсіўнай тэрапіі, псіхіятрычная брыгада і астатнія  – лінейныя брыгады ( урачэбныя і фельчарскія).

Андрэй Іванавіч расказвае пра тое, што не так даўно аўтапарк машын “хуткай дапамогі” папоўніўся васьмю новымі аўтамабілямі.

– Старыя “ўазікі” больш не служаць у “хуткай”, але яны знаходзяцца ў нашым парку ў якасці хуткай дапамогі машынам “хуткай дапамогі”, якія па нейкай прычыне не могуць даехаць да месца выкліку. Здараецца такое не часта, але бывае, што машына засядзе недзе па дарозе ў глухую вёску, або проста паламаецца. Гэта ж тэхніка, усякае здараецца.

Санітар псіхіятрычнай брыгады  Аляксандр Даўбенка

Санітар псіхіятрычнай брыгады Аляксандр Даўбенка

А бывае і такое, што ні адной вольнай брыгады на станцыі не застаецца.

– Не так даўно быў выпадак, калі ноччу цягам 15 хвілін у дыспетчарскую патэлефанавалі тры чалавекі, якія паведамілі, што выклікаюць “хуткую дапамогу” з прычыны таго, што людзі страцілі прытомнасць. Калі брыгады прыехалі на месца, канстатавалі клінічную смерць. Аднак дактарам і фельчарам удалося выратаваць усіх траіх пацыентаў.

Небеспадстаўна лічыць, што выратаваць траіх маладзечанцаў удалося не толькі прафесійнымі дзеяннямі дактароў і фельчараў, але і тым, што машыны “хуткай дапамогі” абсталяваныя ўсімі неабходнымі прыладамі і лекамі. Сёння ў пералік таго, што абавязкова павінна быць  у такіх машынах,  уваходзіць 150 найменняў лекаў і медыцынскіх прыстасаванняў.

–  Я магу з упэўненасцю сказаць, што мала­дзечанская “хуткая дапамога” – адна з лепшых у вобласці. Нашы брыгады маюць лекі, якія здольныя выратаваць чалавека, у якога здарыўся інфаркт. Каштуе адна ампула такіх лекаў каля 30 мільёнаў старымі. Закупляюцца лекі ў маладзечанскія “хуткія” з раённага бюджэту. За што выканкаму вялікі дзякуй.

 Многія скардзяцца, прызнаецца Андрэй Мушавец, на тое, што “хуткая дапамога” па нейкай прычыне доў­га дабіраецца да месца выкліку.

– Але трэба разумець, што ўсе выклікі дзеляцца на экстранныя, тэрміновыя і неадкладныя.

Да экстранных выклікаў адносяцца ДТЗ, пажар і іншыя надзвычайныя сітуацыі, страта прытомнасці ў пацыента, сып з высокай тэмпературай у дзяцей, атручэнне хімічнымі рэчамі, выклікі на выпадкі таго, што пацыент павесіўся або ўтапіўся, глыбокія раны, апёкі, парушэнне дыхання, падзенне з вышыні, электратраўма.

Пра такія выпадкі дыспетчары павінны паведаміць брыгадам “хуткай дапамогі”  цягам чатырох хвілін ад таго моманту, калі выклік паступіў у дыспетчарскую.

Тэрміновыя выклікі – гэта арытмія, сардэчны прыступ, прыступ астмы, кровацячэнне, абмаражэнні, траўмы, іншароднае цела, роды.

Дыспетчар пра такія выпадкі паведамляе  “хуткай” цягам 15 хвілін.

І да неадкладных выклікаў адносяцца тыя, калі людзі выклікаюць “хуткую” абязболіць хворага, калі чалавек атруціўся, калі пацыента ванітуе або баліць галава ці жывот, у выпадку неадэкватных паводзінаў.

Пра  такія выклікі брыгады “хуткай” даведваюцца ад дыспетчарскай службы цягам гадзіны.

 На выклік прыехалі тры экстранныя службы: –  “А мы пажартавалі!”

– Вельмі крыўдна, што ў “хуткую дапамогу” тэлефануюць людзі, якім медыцынская дапамога ўвогуле непатрэбная, – кажа Андрэй Мушавец. – Бывае ў нас такое, што чалавек тэлефануе і прызнаецца: “Я проста хачу ў бальніцу”.

Адцягваюць дактароў ад сапраўды важных выклікаў і паведамленні выпадковых мінакоў пра тое, што недзе ў горадзе на лаўцы ляжыць чалавек.

– Я ўсё разумею, што лепш перастрахавацца, але перад тым, як тэлефанаваць у “хуткую”, можна ж падысці да чалавека, паглядзець, ці патрэбная яму дапамога. А то брыгада прыязджае, выслухае ў свой адрас кучу мацюкоў ад такога “пацыента” і з’язджае назад.

А між тым, адзін выклік “хуткай” абыходзіцца бюджэту ў 60 (600 тысяч) рублёў.

За 2016 год у “хуткую дапамогу” паступіла 46 989 выклікаў. Не цяжка палічыць, што ў сярэднім у дзень дыспетчары прымаюць 122 выклікі.

– Аднак прыкладна дзве тысячы выклікаў – гэта, як мы называем, безвыніковыя. Іншымі словамі, “хуткая” выязджае, а такога адрасу няма або пацыент, які выклікаў “хуткую”, збег. Так, бывае і такое. Але ёсць і такія выклікі, калі людзі тэлефануюць у “хуткую” пажартаваць. І робяць гэта дарослыя.

Адзін з прыкладаў, які прывёў Андрэй Мушавец, проста ўражвае тым, што такое ўвогуле адбываецца.

У “хуткую” патэлефанаваў мужчына:

– Прыязджайце, мая сяброўка напілася таблетак.

А, як вы ўжо ведаеце, паведамленне пра атручэнне хімічнымі рэчывамі  адносіцца да катэгорыі экстранных.

Знутры рэанімабіль выглядае так

Знутры рэанімабіль выглядае так

На месца тут жа выехала брыгада “хуткай дапамогі”. Прыехалі, а ніхто дзверы не адчыняе.

Тады дактары “хуткай” выклікалі міліцыю. Прыехала яшчэ адна экстранная служба. Грукаюцца ў дзверы – цішыня. Выклікалі МНС. Выратавальнікі трапілі ў кватэру праз акно, адкрываюць дзверы ўсім службам, тыя забягаюць у пакой, а дома нікога не аказалася. Мужчына з жанчынай, якія выклікалі дактароў, збеглі.

Ужо пасля, калі супрацоўнікі РАУС датэлефанаваліся да таго чалавека, што выклікаў “хуткую”, той адказаў:

– А мы пажартавалі!

Дыспетчары “хуткай дапамогі” могуць не толькі прыняць выклік, але і самастойна даць параду тым, хто тэлефануе.

Дыспетчары “хуткай дапамогі” Алена Кучэр ына, на заднім плане, і Святлана Шаўлюк

Дыспетчары “хуткай дапамогі” Алена Кучэр ына, на заднім плане, і Святлана Шаўлюк

– Здараецца, што лю­дзі тэлефануюць, каб удакладніць, як прымаць тыя ці іншыя лекі. Параіцца, якую таблетку выпіць. Бывае, што тэлефануюць і “замаўляюць” сваіх любімых дактароў. Такім просьбам адмаўляем, бо парадак павінны быць. На выклік выязджае тая брыгада, якая вольная ў дадзены момант.

Калектыў “хуткай дапамогі”, прызнаецца загадчык станцыі, малады і дружны.

– Не, не бывае такога, каб людзі сыходзілі з-за таго, што не могуць працаваць. Канешне, праца цяжкая, асабліва калі на руках памірае пацыент, але ад гэтага нікуды не дзенешся. Бо калі ты доктар і аднойчы выбраў гэты лёс, то застаешся верным гэтай працы назаўсёды.

Пакуль мы размаўлялі з Андрэем Мушаўцом, брыгады “хуткай дапамогі” выехалі на чатыры выклікі. Але кожны раз дактары і фельчары вярталіся ў добрым настроі, значыць, супергероі  выратавалі яшчэ адно жыццё.