Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС выкрыла карупцыйную схему атрымання хабараў за пастаўку абсталявання для  смаргонскага агрэгатнага завода.

На мінулым тыдні ў Мінску за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры з доказамі злачынства затрымалі дырэктара гэтага прадпрыемства.

Мужчына атрымаў 18 000 еўра і 4600 долараў ЗША ад прадстаўніка адной з прыбалтыйскіх кампаній.

Грошы яму далі за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні дамовы на гадавую пастаўку абсталявання для прадпрыемства. Галоўным чынам гаворка ішла аб рухавіках да выпускаемых заводам міні-трактароў.

Галоўным следчым упраўленнем СК Рэспублікі Беларусь узбудзілі крымінальную справу па частцы 3 артыкуле 430 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (атрыманне хабару).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Цяпер вінаватага заключылі пад варту. Расследаванне крымінальнай справы працягваюць.

У сувязі з тым, што злачынныя маніпуляцыі нячыстых на руку кіраўнікоў перашкаджаюць рэалізацыі ў краіне інвестыцыйных праектаў, Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС працягне аператыўна-вышукавыя мерапрыемствы і маніторынг фінансава-гаспадарчай дзейнасці дзяржаўных прадпрыемстваў.