24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. Актуаль­насць да­дзенай праблемы пакуль не змяншаецца. Напярэдадні мы сустрэліся з загадчыцай дыспансернага аддзялення Маладзечанскага тубдыспансера Тамарай Навіцкай.

Тамара Уладзіміраўна 41 год у медыцыне, 34 з іх працуе фтызіятрам. Мара стаць доктарам нарадзілася ў дзяцінстве. Па яе словах, бацькі рыхтавалі да гэтай спе­цыяльнасці.

– Мой бацька часта ездзіў на рыбалку, паляванне, – узгадвае жанчына. – Пасля трэба было пачысціць рыбу, спарадкаваць упаляванае. Гэты занятак заўсёды давяралі мне.

Бацька пры гэтым гаварыў: “Ты ж будучы доктар, таму павінна ведаць, што творыцца ўнутры”. Разбірала і дзікоў, і ласёў. Расказваю знаёмым, ніхто не верыць.

Школу заканчвала выдатніцай, з адной чацвёркай у атэстаце. Вырашыла паступаць у медыцынскі.

– Мне хацелася быць хірургам, – расказвае Тамара Уладзіміраўна. – Прахадныя балы былі вялікія, шмат выпускнікоў з залатымі медалямі. Бацька пачаў пераконваць, што лепш паспрабаваць на педыятрычны, з дзецьмі бу­дзеш працаваць. Вельмі ўдзячная, што так атрымалася, ніколі не пашкадавала аб выбранай спецыяльнасці.

Тамара Навіцкая.

Тамара Навіцкая.

Калі ў доме пахне курыцай, Тамара на дзяжурстве

Спачатку жанчына працавала ў радзільні ў аддзяленні мікрапедыятрыі, дзяжурствы прыпадалі і на ноч. Аднак з дваімі маленькімі дзецьмі гэта складана.

– Перад тым, як ісці на дзяжурства, заўсёды гатавала курыцу, купляла хлеб, каб было што  дома паесці. Нават суседзі смяяліся: “Ну, усё, пахне курыцай, Тамара на дзяжурстве”, – успамінае жанчына. – Курыцу ўзгадвалі і дочкі, калі выраслі. Ні адна не пайшла ў медыцыну, бо гэта сфера асацыявалася са смакам і пахам курыцы, якая надакучыла, і тым, што мамы часта няма дома.

Дзеля сям’і жанчына вырашыла памяняць спецыяльнасць, аднак медыцыну не кінула, стала працаваць фтызіятрам.

– Пасля таго, як атрымала першы заробак, муж вельмі здзівіўся – у медыцыне можна зарабляць, – усміхаецца Тамара Навіцкая. – Атрымала ўдвая больш за тое, што плацілі ў радзільні. Але і дзяжурствы не кінула, работа
з немаўлятамі падабалася.

Пацыенты з крымінальным мінулым называлі Маць

Як адзначае спе­цыяліст, амаль усе пацыенты, калі даведваюцца пра хваробу, панікуюць, апраўдваюцца, адчуваюць сябе няёмка, бо лічаць, што захварэць на туберкулёз сорамна.

Фота lechenie-simptomy.ru.

Фота lechenie-simptomy.ru.

– Першы час нават прыслухоўваюцца, як размаўляе доктар, прыглядаюцца, як адносіцца, – дзеліцца досведам Тамара Уладзіміраўна. – Сярод маіх пацыентаў былі з крымінальным мінулым. Калі бачаць, што глядзіш на іх звысоку, робяць выгляд, быццам не бачаць, адмаўляюцца прытрымлівацца лячэння, замацоў­ваюць за спецыялістам мянушку. Так аднаго доктара, які раней працаваў, празвалі Кабетай, ніколі па імені не называлі. Мяне клікалі Маць. Неяк узрушана гавару: “Якая я табе маць, мы аднаго ўзросту?”

А ён мне: “Я вас так паважаю, што вы для мяне, як маці. Не злуйся, Маць”.

Спецыяліст лічыць, што галоўнае напачатку растлумачыць, што гэта за хвароба, як лячыць, якога ладу жыцця прытрымлівацца. Людзі спакайнеюць, тады і лячэнне больш плённае.

– Многім трэба набрацца смеласці, каб прыйсці ў дыспансер, – расказвае доктар. – Калі прыходзяць, бачаць, што не адны, больш камфортна сябе адчуваюць.

Гэта флюараграфія, а не сямейнае фота

Некаторыя пацыенты, бачачы Тамару Уладзіміраўну на вуліцы, не вітаюцца. Пасля тлумачаць: “Вас жа ўвесь горад ведае, павітаюся і ўсе падумаюць, што хворы!”

Спецыяліст лічыць, што на ўсялякай рабоце варта мець пачуццё гумару, тады любую праблему можна вырашыць прасцей.

Аднойчы каля кабінета флюарографа ўзнікла перапалка: “Чаму не запускаюць па некалькі чалавек”. Выйшаў доктар і здзіўлена спытаўся: “А як вы гэта ўяўляеце? Гэта ж не сямейнае фота!” Падумаўшы, пацыенты спакойна чакалі каля кабінета.

Каб захварэць на туберкулёз, трэба вельмі пастарацца

Такога меркавання прытрымліваецца загадчыца дыспансернага аддзялення Маладзечанскага тубдыспансера. З носьбітам хваробы трэба кантактаваць не менш за восем гадзін у закрытым памяшканні. Калі вы, напрыклад, працуеце на вуліцы, заразіцца немагчыма.

У кожнага, хто знахо­дзіцца ў памяшканні, павінны быць зніжаны імунітэт. Калі вы ў гэты час хворы, гэта можа спрыяць хваробе, бо ўсе рэсурсы арганізма накіраваныя на тое, каб змагацца з вірусам, які ўжо падхапілі.

Аднак такія выпадковасці здараюцца надзвычай рэдка.

Як зламала жыццё 15-гадоваму хлопцу

Доктар адзначае, што ўжо пяць гадоў не было выяўлена захворванняў на туберкулёз сярод дзяцей. А вось сярод падлеткаў у 2015 годзе знайшлі двух хворых, гэта былі 15-гадовыя хлопцы. Пры гэтым ні ў аднаго не знайшлі кантактаў з заражэннем.

– Адзін з хлопчыкаў быў без бацькоў, яго хацелі ўсынавіць італьянцы, – з болем узгадвае Тамара Навіцкая. – Адправілі юнака прахо­дзіць флюараграфію – нічога не паказала. Я для надзейнасці вырашыла зрабіць яшчэ дыяскінтэст, які і дыягнаставаў інфіцыраванасць. Калі б не гэты тэст, дзіця б усынавілі, толькі праз некаторы час хвароба б праявілася.  Атрымалася, што зламала жыццё 15-гадоваму хлопцу.

Фота kurort.spb.ru.

Фота kurort.spb.ru.

Як дыягнастуюць туберкулёз

Да сямі гадоў дзецям робяць манту, з васьмі – дыяскінтэст, дарослым – флюараграфію.

– Дыяскінтэст – сучасны прэпарат для знаходжання латэнтных формаў туберкулёзу, – дзеліцца спецыяліст. – У адрозненне ад манту, дапамагае з дакладнасцю да 95% вызначыць, ці інфіцыраваны чалавек. Бактэрыі можна знайсці ў арганізме на стадыі, калі захворванне сябе ніяк не праяўляе.

Флюараграфію спе­цыяліст раіць праходзіць адзін раз на год. Пры гэтым не варта баяцца апраменьвання, бо сучасныя пульмасканы даюць невялікае – 0,015 мілізіверта. Яго можна параўнаць з тым, што вы адзін дзень правялі на сонцы. Ад рэнтгенаўскага здымака атрымліваеш апраменьванне 0,18 мілізіверта.

Лечацца праз відэазапісы

У Маладзечне тры чалавекі паспрабавалі на сабе новы спосаб лячэння, які рэалізуюць пры падтрымцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Чырвонага Крыжа, тэлевідэалячэнне.

Хворыя атрымалі смартфоны, на якія штодзень павінны запісваць відэа, як прымаюць лекі. Гэты спосаб дапамагае кожны дзень медыкам кантраляваць, хворага, а пацыенту ў сваю чаргу не трэба ха­дзіць у дыспансер.

– Сярод тых, хто выкарыстоўвае гэты метад, дзве пенсіянеркі, – дзеліцца спецыяліст. – Напачатку яны вельмі хваляваліся, баяліся, што не асвояць тэлефон. Цяпер жа з пачуццём гумару запісваюць відэа. Пасля лячэння тэлефон застаецца ў падарунак.

Аднак доктар лічыць, што за грошы, патрачаныя на тэлефоны, можна было б хворым купіць праязныя. Бо вельмі складана для чалавека, які не працуе, знаходзіцца на лячэнні, выдаткаваць у дзень 90 капеек, каб прыехаць па лекі ў дыспансер. У месяц набягае кругленькая сума.

Фота meddoc.com.ua.

Фота meddoc.com.ua.

– Прэпараты, прызначаныя для лячэння, вельмі дарагія, – тлумачыць доктар. – Бываюць супрацьпаказанні, якія карэктуе доктар, таму ўвесь час пацыент знаходзіцца пад назіраннем.

Даведка “РГ”. Туберкулёз – хвароба, якую выклікае бактэрыя Mycobacterium, якую адкрыў Роберт Кох у 1882 годзе. Менавіта за гэта дасягненне быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй у вобласці фізіялогіі і медыцыны. Часцей за ўсё хварэюць на туберкулёз лёгкіх, бо асноўны спосаб перадачы – паветраны.

Падхапіўшы першы раз мікабактэрыю, чалавек лічыцца інфіцыраваным. Аднак не трэба блытаць з хваробай. Інфіцыраванасць – стан, пры якім мікабактэрыі знаходзяцца ў арганізме, аднак не выклікаюць хваробу.

Хвароба наступае тады, калі мікабактэрыі пачалі некантралюема размнажацца, бо імунітэт з імі не спраўляецца. Пры гэтым на ранніх стадыях хвароба чалавека не выдзяляе мікабактэрыі ў знешняе асяроддзе. Адна з прычын туберкулёзу – недастатковая санітарная граматнасць насельніцтва.