Памёр ксёндз Леанід Нясцюк, які больш за 20 гадоў служыў у “беларускім Нотр-Даме” – касцёле ў Гервятах (Гродзенская вобласць). Пра смерць паведаміў у Facebook святар Сяргей Сурыновіч. 21 сакавіка Леаніда Нясцюка шпіталізавалі ў цяжкім стане.

“Святар, што дзейсніў прыгажосць … кс. Леанід Несцюк у Гервятах пакінуў гэты свет. Вечныя яму супакой і словы ўдзячнасці. (…) Прыклад лагоднага, адукаванага і выхаванага чалавека.

Заўсёды з усмешкай, заўсёды ветлівы. Удзячны яму, бо глядзеў на яго і вучыўся, вучыўся і захапляўся чалавекам і чалавечай паставай. (…) Вельмі шкада, што яго ўжо няма, але прыклад і яго справы застаюцца”, – напісаў Сяргей Сурыновіч.

Касцёл у Гервятах часта называюць “беларускім Нотр-Дамам”, штодня яго наведваюць шматлікія турысты з усёй краіны і з-за мяжы.

Айцец Леанід Нясцюк, вывучыўшы асновы ландшафтнага дызайну, за гэтыя гады стварыў побач з касцёлам дэндрапарк і уладкаваў раней пустуючую плошчу фігурамі дванаццаці апосталаў.

Пад кіраўніцтвам ксяндза знеслі старыя пабудовы, абнавілі фасад касцёла, пабудаванага больш за 100 гадоў таму, замянілі дах, гродзенскія мастакі аднавілі два акна ў святыні. Ксёндз Леанід Нясцюк вядомы ў Беларусі і далёка за яе межамі.

Фота tut.by.

Фота tut.by.