Сыход старшыні вілейскага Савета дэпутатаў Наталлі Радзевіч і зацверджанне птушкі-сімвала Вілейшчыны сталі аднымі з самых важных пытанняў на 27 сесіі Савета дэпутатаў. Аднак былі і іншыя не менш злабадзённыя пытанні.

Зачыняць старыя могілкі

У Ільянскім і Людвіноўскім сельсаветах мяркуюць зачыніць старыя месцы пахавання.

У пачатку вёскі Дварэц каля Ільі ёсць яўрэйскія могілкі. Па словах кіраўніка спраў  сельсавета Вольгі Гаранінай, апошні раз там хавалі людзей у 1941 годзе яшчэ да вайны. Шмат пахаванняў 19 стагоддзя, на некаторых камянях увогуле не разабраць ні лічбаў, ні літар.

У Людвіноўскім сельсавеце мяркуюць зачыніць могілкі ў Сутоках і Азяровічах. Апошнія пахаванні тут рабілі 15 год таму.

Ільянскія школьнікі прыбіраюць на яўрэйскіх могілках. Фота з архіва РГ.

Ільянскія школьнікі прыбіраюць на яўрэйскіх могілках. Фота з архіва РГ.

Па словах Наталлі Радзевіч, тое, што могілкі зачыняць для пахаванняў, не азначае, што іх не трэба будзе даглядаць. Работнікі сельсавета павінны будуць прыбіраць там дрэвы, кусты, ставіць плот, касіць траву.

Больш пажараў стала толькі ў Ільянскім сельсавеце

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Яхімовіч распавёў, што за апошнія пяць год колькасць пажараў у раёне знізілася як па горадзе, так і па сельсаветах.

Сумную статыстыку павялічыў толькі Ільянскі сельсавет. Тут у 2015 годзе было восем пажараў, а ў 2016 стала  13. Частыя прычыны здарэнняў – газавыя катлы і печкі.

Па словах начальніка, аддзел па надзвычайных сітуацыях праводзіць агітацыю для таго, каб скараціць колькасць такіх здарэнняў. У горадзе з’яўляюцца банеры і білборды на супрацьпажарную тэматыку.

У сельсаветах створаная назіральная камісія, якая правярае стан пажарнай бяспекі ў дамах вяскоўцаў. Асаблівая ўвага тут да шматдзетных сямей, семей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, людзей, што злоўжываюць спіртным. Аддзел МНС прапанаваў прыняць рашэнне, каб  стварыць такую камісію ў горадзе.

Музей Івана Лашуткі – вынік уласнай ініцыятывы дэпутатаў

Старшыня Савета расказала пра тое, як ініцыятывы дэпутатаў знаходзяць сваё ўвасабленне ў горадзе і раёне. Летась у лістападзе ў вілейскай школе №3 адчынілі клас-музей паэта, педагога, ураджэнца вёскі Баяры на Ільяншчыне Івана Лашуткі.

Гэта была ініцыятыва дэпутатаў Мікалая Гіро і Таццяны Захарыч.

Адкрыццё музея Івана Лашуткі ў школе №3. Фота school3vileiyka.edu.

Адкрыццё музея Івана Лашуткі ў школе №3. Фота school3vileiyka.edu.

А дзякуючы ініцыятыве дэпутата сельскага Савета дэпутатаў  Сяргея Гарачава ў Любані пасадзілі алею ветэранаў.

У Нарачанскім сельсавеце праверылі асвятленне ўсіх населеных пунктаў. У Ільі вырашаюць пытанне пра абсталяванне грамадскай лазні пандусам.

За малаком прыязджаюць у тры гадзіны ночы

У 170 населеных пунктах людзі трымаюць кароў.

Больш актыўна пачалі здаваць малако дзяржаве ў Даўгінаўскі, Крывасельскім, Ільянскім, Любанскім сельсаветах. А вось у Куранецкім гэты паказчык знізіўся. На думку Наталлі Радзевіч, магчыма, ад таго, што побач горад.

Малако гаспадары здаюць дзяржаве. Збіраюць яго ў большасці сельсаветаў індывідуальныя прадпрымальнікі. Калі яны з’явіліся, людзі пачалі здаваць больш малака.

Па словах старшыняў Даўгінаўскага і Нарачанскага сельсаветаў, не зусім зручна тое, што ў некаторыя вёскі малакавоз прыязджае ў 3-4 гадзіны ночы.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі: тут добра, а там дапрацаваць

Лепшым па добраўпарадкаванні тэрыторыі стаў Людвіноўскі сельскі Савет.

А ў Любані трэба яшчэ працаваць над уездам у вёску. Тут ідзе траса на Мядзел. Па словах старшыні райвыканкама Віктара Ката, гэту тэрыторыю павінны даглядаць сельскагаспадарчае прадпрыемства “Новая Любанія” і сельвыканкам.

Вельмі вялікі па тэрыторыі Ільянскі сельсавет. Яго дагледзець не проста. Па словах Наталлі Радзевіч, калі добраўпарадкуюць адну вёску, то адразу бачныя праблемы ў другой. Асабліва недагледжаныя населеныя пункты з боку Віцебшчыны.

У Абадоўцах на месцы калгаснага сада распаўсюдзіўся баршчэўнік. Па гэтым пытанні людзі неаднаразова тэлефанавалі “на прамую лінію”.

З аўкцыёну прадаюцца будынкі ў вёсках. Плённа ў гэтым накірунку працуюць у Ільянскім і Любанскім сельсаветах. Продаж дае даходы ў раённы бюджэт.

Больш упарадкаваным хочацца бачыць парк у Шылавічах, падзялілася старшыня Савета.

І ў невялікай вёсцы патрэбны інтэрнэт

Перыядычна старшыня Савета дэпутатаў праводзіла прамыя лініі з жыхарамі Вілейшчыны. Так высвятляюцца актуальныя праблемы.

Жыхары невялікай вёскі Жары звярнуліся да дэпутатаў з просьбай правесці хуткасны інтэрнэт. Супрацоўнікі Белтэлекама правялі работы, знайшлі 29 патэнцыйных карыстальнікаў. Інтэрнэт у вёску правядуць.

На прамой лініі 18 сакавіка віляйчане паставілі пытанне пра стварэнне рытуальнай залы ў горадзе. На думку гараджан, гэта было б зручна для сваякоў памерлых. Наталля Радзевіч лічыць, што варта разгледзець гэта пытанне, пераняць досвед суседняга Маладзечна.

Лагатып Вілейкі дастойны большага

Лагатып горада выкарыстоўваюць недастаткова актыўна, лічыць Наталля Радзевіч. Яго часткова прадстаўляе на сваіх мерапрыемствах музей. Але на гэтым – усё. На думку старшыні, сюды б мог далучыцца вілейскі рэстаран і размясціць лагатып на сурвэтках, абрусах і посудзе.

Фота Аксаны Ярашонак.

Фота Аксаны Ярашонак.

Дэпутаты звярнуліся да старшыні райвыканкама з пытаннямі рамонту дарогі на вуліцы 17 Верасня і добраўпарадкавання кар’ера ля вілейскай школы №5. Па словах Віктара Ката, дарогу адрамантуюць, а на кар’ер грошай у раённым бюджэце пакуль няма.