Маладзечанка Наталля Цар сёлета першы раз гукала вясну на радзіме Купалы, у Вязынцы. Як яна прызнаецца, перш чым даехаць на свята, трэба прайсці моцную псіхалагічную праверку.

– Ехала на электрычцы са станцыі “Фестывальны”, – расказвае маладзечанка. – Не хацелася трапіць на народнае свята ў звычайных джынсах і  куртцы, таму пазычыла ў знаёмых народную спадніцу, фартух, накідку. У такім выглядзе ты адразу кідаешся ў вочы прахожым, усе стараюцца хаця б адным вокам паглядзець на цябе. Ад гэтага адчуваеш сябе не такім, як усе. Становіцца цяжкавата. Зайшоўшы ў электрычку, спакайнееш, бо бачыш шмат аднадумцаў у такім жа вобразе.

На самім свяце жанчына не ўбачыла агрэхаў – спадабалася абсалютна ўсё: і настрой, які лунаў у паветры, і песні, і карагоды, і танцы.

– Менавіта на такіх мерапрыемствах акунаешся ў сапраўдную беларускую культуру, а пры дапамозе карагодаў адчуваеш еднасць з кожным удзельнікам, – дзеліцца ўражаннямі Наталля.

Маладзечанка адзначае, калі на свяце ты хочаш быць проста ў ролі гледача, то трэба проста прыехаць на ўрачыстасць. Калі ж хочаш стаць часткай свята, тады трэба далучыцца да колаўцаў (удзельнікі этнаграфічнага клуба “Кола” – рэд.). І свята заўжды будзе з табой.