Маладзечанскі міжраённы камітэт дзяржкантролю правёў пазапланавую праверку ААТ “Вілейскі камбікормавы завод” і знайшоў шэраг парушэнняў.
1. Прадпрыемства зацягвае тэрміны мадэрнізацыі вытворчасці.
2. Не выконвае планы па закупцы прадукцыі раслінаводства.
3. Парушае санітарныя нормы і правілы; заканадаўства аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, аб рэалізацыі кармавых дадаткаў, тэрміны заключэння дзяржаўных кантрактаў і інш.
Таварыства не мае магчымасці гранулявання камбікорму, што павялічвае яго сабекошт. За 10 месяцаў 2016 года дадатковыя затраты па грануляванні камбікорму іншымі арганізацыямі былі вышэйшымі за 800 тысяч рублёў.
У 2013 годзе таварыства пачало мадэрнізацыю вытворчасці.
Планавалася:
1. Рэканструкцыя пабудовы млыннага комплексу з устаноўкай лініі гранулявання.
2. Мадэрнізацыя пабудовы млыннага комплексу пад устройствам газавай кацельні для вытворчых патрэбаў.
3. Работа па знешнім энергазабеспячэнні камбікормавага завода ў сувязі з мадэрнізацыяй завода.
Было закупленае абсталяванне, праведзеныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы. На гэта было затрачана звыш аднаго мільёна рублёў.
Пры гэтым таварыства атрымлівае толькі дазвол на праектна-пошукавыя і будаўнічыя работы, у якіх мяняюцца толькі назвы аб’ектаў будаўніцтва. У той час як да будаўніча-мантажных работ амаль не прыступалі, а абсталяванне не выкарыстоўвалі.
Замест таго, каб спаганяць грошы, заключылі дамовы мены
Таварыства было негатовае ў 2015 годзе да нарыхтоўкі прадукцыі раслінаводства за кошт рэспубліканскіх патрэбаў. Дамова пастаўкі збожжа была заключаная з затрымкай амаль на два месяцы, не забяспечаная нарыхтоўка 68,7% (1,11 тысячы тон) ад даведзенай колькасці пшаніцы і 40,5% (2,97 тысячы тон) ячменя.
Замест таго, каб патрабаваць ад сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вяртання грошай, таварыства заключыла дамовы мены на колькасць недапастаўленага збожжа. Гэта забаронена заканадаўствам.
У выніку дзевяць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Вілейскага раёна, два Лагойскага, тры Валожынскага і пяць сельгаспрадпрыемстваў Мядзельскага раёнаў не выканалі даведзены рашэннямі райвыканкамаў дзяржаўны заказ па пастаўцы прадукцыі раслінаводства ў Вілейскі камбікормавы завод.
А з рэспубліканскага бюджэту залішне патрачана звыш 532 тысяч рублёў. Бо таварыства не выканала свае абавязкі па пагашэнні атрыманага крэдыту.
Таварыства парушыла патрабаванне тэхнічнага рэгламенту “Кармы і кармавыя дадаткі. Бяспека”. Сельгаспрадпрыемствы Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў рэалізавалі без дзяржаўнай рэгістрацыі кармавыя дадаткі на суму звыш 299 тысяч рублёў.
Вілейскі камбікормавы завод і кіруючыя асобы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. Інфармацыя накіраваная ў Мінаблвыканкам, а для дачы прававой ацэнкі – у праваахоўныя органы.