– Усё пачалося з таго, што на дарозе супрацоўнікі ДАІ заўважылі БМВ, які каля 2 гадзіны ночы ехаў па Прытыцкага з відавочным перавышэннем хуткасці, – распавядае Сяргей Заранік, начальнік аддзела агітацыі і прапаганды мінскага ДАІ. – Супрацоўнікі ДАІ ўключылі маячкі і сірэну на службовай машыне, па гучнай сувязі хацелі спыніць БМВ. Кіроўца патрабаванне не выканаў.

За рулём была дзяўчына 19 гадоў. На пасажырскім месцы – 17-гадовы хлопец.

Пачалася пагоня. Падчас руху парачка памянялася месцамі – цяпер аўто вёў 17-гадовы хлопец.

Відавочцы казалі, што ў выніку за БМВ ехала 14 міліцэйскіх машын, у ДАІ называюць лічбу ў 9-10.

– За горадам была страляніна. Хацелі спыніць БМВ, стралялі па колах, але гэта не дало выніку. Калі экіпаж ДАІ ехаў побач, каб было зручна страляць у пакрышкі, кіроўца намагаўся збіць службовую машыну. А пасля БМВ ізноў уехаў у горад, а ў горадзе мы не страляем, – патлумачыў Заранік.

Такім чынам, БМВ памяў дзве машыны даішнікаў.

У выніку парачка на БМВ спынілася «сама»: кіроўца не справіўся і ўехаў у бардзюрны камень, збіўшы дарожны знак, які разбіў лабавое шкло машыны.

– Чуткі, што даішнікі падбілі машыну сваёй – безпадстаўныя. Хацелі б падбіць, то падбілі б яшчэ за горадам. Кіроўца сам пры павароце не справіўся з машынай.

Па словах Зараніка, і хлопец, і дзяўчына мінчукі. Машына належала бацькам аднаго з іх.

Хлопец быў цвярозы. Дзяўчына – у стане алкагольнага ап’янення, у крыві знайшлі 0,74 праміле. Цяпер яны затрыманыя, распачата больш за 10 адміністратыўных матэрыялаў.