Яраслава Клімовіч з Вілейкі можа навукова даказаць, што ў дамашніх умовах памідоры даспеюць хутчэй, калі ў каробку з імі пакласці банан.
Пры гэтым Яраслава – не навуковец-батанік, а звычайная трэцякласніца вілейскай школы №3. Праўда, ад сваіх аднагодкаў, па словах настаўніцы Людмілы Новік, дзяўчынка крыху адрозніваецца.
Яна выбірае не камп’ютар або планшэт, а кніжку і мерапрыемствы ў школе ў суботні дзень. Дзяўчынка ўсім цікавіцца. Кожную суботу мама прывозіць Яраславу на віктарыны і конкурсы ў школы, бо ёй гэта вельмі цікава.
Дзе жыве этылен і навошта ён патрэбны?
Калі настаўніца трэцякласнікаў выбірала ўдзельніка для навукова-практычнай канферэнцыі, яна прапанавала ўдзел Яраславе. Тым больш, досвед у дзяўчынкі ўжо быў. Яшчэ першакласніцай на раённым конкурсе яна заняла другое месца.
Удзел у сёлетнім конкурсе стаў больш паспяховым. Яраслава Клімовіч заняла першае месца. Яе работу “Даспяванне таматаў у дамашніх умовах” накіравалі на абласны фестываль “Я – даследчык”.
Па словах настаўніцы, з 31 працы для ўдзелу выбралі 10. Сюды ўвайшла і праца Яраславы.
Ініцыятыва даследавання сыходзіла ад самой дзяўчынкі. Яе мама вырошчвае памідоры на ўласным агародзе. Лета не заўсёды дастаткова цёплае, таму памідоры часта не даспяваюць на градках. Агароднікі здымаюць іх і кладуць даспяваць дома.
У літаратуры мама Яраславы прачытала, што памідорам даспець хутчэй дапамагае этылен. Ён бывае хімічны і прыродны.
Фота Lenagold.
У даследчай працы дзяўчынка звяртае ўвагу на тое, што для даспявання экзатычных фруктаў, напрыклад бананаў, часта выкарыстоўваюць хімічны этылен. Іх прывозяць зялёнымі, а потым з дапамогай хіміі фрукты даспяваюць. Не вельмі добра для дзіцячага здароўя ўжываць такія бананы.
Аднак з тых жа бананаў выдзяляецца і прыродны этылен. Ён не шкодзіць дзіцячаму здароўю і дапамагае садавіне і агародніне даспець хутчэй.
Дзяўчынка з мамай зрабіла такі дослед. У тры каробкі яны насыпалі недаспелыя памідоры. У кожную па 12 штук. Першую захоўвалі адкрытай, другую закрытай, а трэцюю закрылі і паклалі туды скурку ад банана.
Навуковы тандэм мамы, дачкі і настаўніцы
Праз пэўны час паглядзелі на вынікі. Аказалася, што таматы, якія ляжалі з бананавай скуркай, даспелі хутчэй.
Пра гэта дзяўчынка расказала журы на абласным даследчым фестывалі ў Мінску 10 сакавіка і адказала на ўсе пытанні журы. Па словах юнай даследчыцы, банан дапаможа даспець хутчэй не толькі таматам, але і любой садавіне і агародніне.
Яраслава Клімовіч. Фота забяспечанае Людмілай Новік.
Па словах настаўніцы, асноўную працу дзяўчынка рабіла разам з мамай. Людміла Новік толькі дапамагла ўсё аформіць.
– Якая б добрая не была праца, але 50 працэнтаў поспеху залежыць ад таго, як дзіця яе прадставіць,– перакананая настаўніца.
Для трэцякласніцы не так лёгка выступіць на навуковую тэму перад незнаёмымі людзьмі і не разгубіцца пры гэтым.
Дастойна выступіць Яраславе дапамаглі яе ўпэўненасць, уменне трымацца на публіцы без сарамлівасці.
Сёлета даследчыя працы прадстаўлялі не ў рамках конкурсу, а ў рамках фестывалю. Асаблівым гонарам для вучаніцы і яе настаўніцы было патрапіць туды. З фестывалю Яраслава прывезла дыплом.