Сумную навіну пацвердзіў блізкі сябар паэта Міхаіл Маргуліс. “Пяць хвілін таму Яўген Аляксандравіч адышоў у вечнасць”, – сказаў ён.
Еўтушэнка прасіў пахаваць побач з Барысам Пастарнакам у Перадзелкіне. Пра гэта распавёў генпрадзюсар юбілейнага фестывалю Еўтушэнка Сяргей Віннікаў. Фестываль павінен быў адбыцца ў Маскве.
Да апошніх хвілін Яўген Еўтушэнка надыктоўваў жонцы – Марыі Новікавай – мастацкі раман, над якім працаваў два гады.
Яўген Еўтушэнка – паэт, празаік, рэжысёр, сцэнарыст, публіцыст і акцёр, аўтар звыш 150 кніг, якія перакладзены на многія мовы свету. Ён нарадзіўся на станцыі Зіма Іркуцкай вобласці ў сям’і геолага і паэта-аматара Аляксандра Гангнуса.
Яго першы верш апублікаваны ў газеце “Савецкі спорт”, а першая кніга вершаў “Разведчыкі будучыні” выйшла ў 1952 годзе. Тады ж ён стаў самым маладым членам Саюза пісьменнікаў СССР.