Еўтушэнкі не стала… Усё болей і болей пустаты наўкол…
Ён… Бэла Ахмадуліна… Андрэй Вазнясенскі… Роберт Раждзественскі… Булат Акуджава… Аляксандр Межыраў… Юрый Кузняцоў…
Той, каму імёны гэтыя нічога не кажуць, ніколі не зразумее час, у якім мы жылі. Чадны час танкаў, які йшлі на Прагу, і час пругкага ветру на стадыёнах, дзе мы чыталі вершы…
Таму, хто іх не чуў, не гукнуцца рытмы часу, скрозь які ляцеў, на стыках якога грымеў, рассыпаючы іскры, цягнік стадыённай паэзіі!
І руку мне ў тамбуры апошняга вагона таго цягніка падаў якраз Еўтушэнка. Па жыцці выйшла так, што толькі цяпер адпусціў…
Ён быў двужыльны, у ім была неверагодная сіла, якой, здавалася, не будзе канца. І быў ён рускім, наскрозь рускім паэтам, але казаў, што адна жыла ў ім беларуская…
І яшчэ ён быў удзячны. Богу за вершы, сябрам за сяброўства, каханым за каханне усім за ўсё…
За ўсё дзякуй, Жэня…
Так піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку паэт і палітык Уладзімір Някляеў.