У лістападзе Алега паклалі ў мінскую бальніцу. У снежні, калі мужчына яшчэ ляжаў там, яго хата згарэла.

– Страшную навіну пра пажар я ўспрыняў больш-менш спакойна, – распавядае Алег. – Мне патэлефанавала маці майго сына і кажа: “здарылася непапраўнае”.

Мужчына адразу спужаўся, што нешта жахлівае здарылася з сынам. Калі ж даведаўся пра пажар у хаце, гэтая навіна адразу не вельмі спалохала.

Аднак ішоў час. Набліжалася выпіска, а мужчына разумеў, што яму няма куды вяртацца. Кажа, адчувальнай была маральная падтрымка з боку абласнога таварыства інвалідаў. Старшыня арганізацыі Ганна Гарчакова асабіста наведала Алега ў бальніцы.

На бяду інваліда адгукнуліся розныя прадпрыемствы рэспублікі. Завод сантэхнікі падараваў ракавіну, унітаз, змыўны бачок. Прадпрыемства з Брэста – дыван, сталічны завод – тэлевізар, фабрыка з Добрушу – посуд. З Рэчыцы прапануюць мэблю.

Дапамагло грашыма Упраўленне сацыяльнай абароны вілейскага райвыканкама. Па хадатайніцтву Упраўлення выдзеліў грошы і Камітэт сацыяльнай абароны ў Мінску.

Але ж асноўная праблема – жыллё – пакуль застаецца нявырашанай. У доме жыць немагчыма: і дах, і сцены прагарэлі наскрозь.

У хаце.  Фота Аксаны Ярашонак.

У хаце. Фота Аксаны Ярашонак.

Па словах інваліда, ён звяртаўся і ў Савет міністраў, і ў мінскі Савет дэпутатаў, каб дапамаглі ў бядзе. Аднак ніякіх вынікаў гэта не прынесла. У Савеце дэпутатаў адказалі:

– А не змаглі б Вы знайсці грошы і панаймаць сабе кватэру.

З пенсіяй 300 рублёў гэта нерэальна, перакананы Алег.

Кажа, быў на прыёме ў вілейскім райвыканкаме, звяртаўся ў мясцовы сельсавет. Адказваюць, што няма свабодных будынкаў. Па словах жа Алега, такія будынкі ёсць. Напрыклад, былая ільянская сельская бібліятэка, што стаіць зачыненая. Інвалід гатовы набыць яе за ўласны кошт, аднак яму не дазваляюць.

Прапанова пабыць у сацыяльных установах Вілейшчыны яго таксама не задавальняе. Кажа, што з пенсіі не пацягне аплату за такую ўстанову.

У хаце.  Фота Аксаны Ярашонак.

У хаце. Фота Аксаны Ярашонак.

– Я здзіўляўся раней: як гэта людзі становяцца бамжамі? А цяпер сам, лічы, стаў ім, – кажа інвалід.

Юрысты з офіса абароны правоў інвалідаў: трэба стукацца ва ўсе дзверы

У сталічным офісе па абароне правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі аб праблеме Алега ведаюць.

–Так, мужчына звяртаўся да нас, – распавялі юрысты. – Аднак спецыяліст, які вёў гэтую справу, звольніўся. Іншыя спецыялісты будуць вывучаць сітуацыю Алега і гатовыя аказаць прававую падтрымку.

Столь у хаце. Фота Аксаны Ярашонак.

Столь у хаце. Фота Аксаны Ярашонак.

Тое, што без жытла чалавек, а тым больш інвалід – гэта праблема.

У любым выпадку, мужчына павінны стукацца ва ўсе дзверы, упэўненыя ў офісе. Жыццё ў палатцы – гэта не выйсце.

Калі юрысты атрымаюць неабходныя дакументы, яны працягнуць справу па дапамозе Алегу Бірукову.

Старшыня Ільянскага сельсавета: Так, інвалід. Але і да яго ёсць шмат пытанняў

Старшыня Ільянскага сельскага савета Мікалай Русак ведае аб праблеме жыхара Ільі Алега Бірукова.

–Так, ён звяртаўся, каб яму знайшлі жыллё. Аднак вольнага жылля ў сельсавеце няма, а тое, што ёсць не добраўпарадкаванае, – кажа старшыня. – Мы прапаноўвалі яму пажыць у сацыяльных установах раёна, напрыклад, у Іжы. Вядома, за яго кошт. Бо трэба ж і карміць, і даглядаць. А гэта каштуе грошай. З пенсіі адлічваць прыкладна 80%.

Ад такой прапановы Алег Бірукоў адмовіўся.

 Фота Аксаны Ярашонак.

Фота Аксаны Ярашонак.

Так, ён інвалід, без ног, але і да яго ёсць шмат пытанняў, кажа Мікалай Русак. Па словах старшыні, Алег Бірукоў яшчэ раней прадаў добры дом з прысядзібным надзелам, а сам пераехаў у бацькаў дом.

– Ён самастойна пагоршыў свае жыллёвыя ўмовы, – расказаў Мікалай Русак.

… А пакуль інвалід Алег Бірукоў нацягнуў тэнт-шацёр ва ўласным двары і жыве там. Надвор’е спрыяе.