Камісію па загадзе старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца стварылі 20 сакавіка.
Кожны працоўны дзень, ад 14:30 да 17:00, сюды ідуць людзі, у якіх адна надзея знайсці працу – папрасіць дапамогі ў выканкаме.
28 сакавіка карэспандэнт “Рэгіянальнай газеты” прыйшла на камісію па працаўладкаванні.
Ад дзвюх гадзін дня калідоры запаўняюцца людзьмі.
– Гэта яшчэ не многа, – расказваюць супрацоўнікі выканкама, – у першы дзень работы камісіі нельга нават было праз фае прайсці, столькі было людзей.
Прыём 28 сакавіка вялі намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзь Актанаровіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Майстрэнка, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Людміла Канановіч, а таксама іншыя прадстаўнікі выканкама, упраўлення па працы, юрысты.
Людзі прыходзяць розныя: маладыя і не вельмі, з вышэйшай адукацыяй і без адукацыі ўвогуле, мужчыны і жанчыны. Прыходзяць разам з суседзямі, сябрамі і сем’ямі.
Генадзь Актанаровіч пасля прыёму сказаў:
– У сярэднім мы прымаем у дзень каля 30 чалавек. Кожнаму стараемся знайсці працу тут жа, не выходзячы з кабінета. Канешне, больш за ўсё работу шукаюць мужчыны, у якіх або ўвогуле няма адукацыі, або маюць працоўную спецыяльнасць. Ды вы і самі ўсё бачылі.
Адным з першых на прыём прыйшоў мужчына, які не мае ніякай адукацыі, раней працаваў прыбіральшчыкам.
Акрамя расповеду пра тое, дзе працавалі і чаму звольніліся, людзі дзеляцца сваімі сямейнымі абставінамі і праблемамі.
– Я нідзе не працую, але маю тры крэдыты, – расказвае мужчына, – жонка зняла з карткі грошы і кінула мяне.
– Прабачце, а з чаго вы крэдыты пагашаеце? – пытаюцца ў камісіі.
– Я мужчына шустры, – прызнаецца наведнік, – знайшоў сужытніцу.
Мужчыну адразу прапанавалі пайсці працаваць пастухом у Маркава.
– Туды ж трэба ездзіць?
– Ну, так.
– А я за каровамі бегаць не змагу, я хворы.
– Там не трэба бегаць, там электрапастухі.
– Ну, не.
– Тады едзьце садзіць ялінкі ў лясгас.
Мужчына дзякуе і сыходзіць.
У кабінет заходзіць наступны наведнік.
Яго завуць Віталь, ён па спецыяльнасці сталяр. Расказвае пра сябе:
– Доўгі час ездзіў на заробкі ў Расію. Грошай не зарабіў, затое здароўе падарваў. Разумею, што выбар у мяне невялікі, таму, куды прапануеце, туды і пайду працаваць.
Яму прапаноўваюць пайсці працаваць у водаканал.
– А як там зарплата?
– Ну, як мы можам вам даць дакладны адказ? Гэта непасрэдна залежыць ад працадаўцы. Пойдзеце?
– Пайду.
Прыйшла жанчына. Яна выхоўвае адна дачку. Працавала ў школе, у кавярні. Расказвае пра сваю жыццёвую гісторыю.
Камісія прапаноўвае розныя варыянты работы, тут жа, пры наведніцы, датэлефаноўваецца ў розныя ўстановы, пытаецца, ці патрэбныя работнікі.
Гэтак жа было і з наведнікамі Яўгенам і Дзмітрыем. Адзін папрасіў у камісіі знайсці яму работу прамысловага альпініста, другі хоча працаваць у пахавальным бюро. Камісія тэлефануе патэнцыйным працадаўцам, высвятляе наяўнасць вакансій, адпраўляе туды мужчын, якія звярнуліся сюды па дапамогу.
Падчас работы камісіі сюды прыходзілі і людзі, якія не шукаюць працу, але цікавяцца, якія дакументы трэба прынесці, каб не плаціць падатак на дармаедства.
Былі тут і працадаўцы. Мужчына, дырэктар фірмы, прыйшоў, каб сказаць, што ў яго фірме ёсць вакансіі. Занатавалі, падзякавалі.
Аднак знаходзіліся людзі, якія не пагаджаліся ні на адзін варыянт працы, якую ім прапаноўвалі.
– Я хачу харошую работу з харошым заробкам! – заявіў адзін з наведнікаў, кіроўца па спецыяльнасці.
І ні адзін варыянт, які прапанавала камісія, мужчыну не падышоў.
– Тады едзьце садзіць ялінкі! Праца, канешне, часовая, але заробак будзе.
– Добра.
– За тыдзень, што працуе камісія, – расказвае Генадзь Актанаровіч, – яшчэ ні адзін чалавек не вярнуўся з тых, каму прапанавалі работу. Людзі ўладкоўваюцца.
Калі гаварыць пра статыстыку беспрацоўных у раёне і колькасці вакансій, то гэта лічба мяняецца кожны дзень.
– І ўжо назаўтра інфармацыя можа быць неактуальнай. Мяркую, лепш будзе спытацца пра статыстыку пазней, на першы і апошні дзень работы камісіі.
Камісія будзе працаваць, пакуль у гэтым есць патрэба. Для таго, каб патрапіць на прыём, дастаткова ўзяць з сабой пашпарт, працоўную кніжку і дакумент аб адукацыі.
– Нават калі няма ніякай адукацыі ў чалавека, мы яму прапануем хаця б сезонную работу ў сельскіх гаспадарках.
Але калі вы маеце вышэйшую адукацыю і свабодна валодаеце персідскай мовай, то і такому спецыялісту работа ў Маладзечанскім раёне знойдзецца.