Аксана Максімовіч працуе педагогам-арганізатарам у вілейскай гімназіі №1 Логас.
– У час учарашняга адключэння электрычнасці ніякіх асаблівых нязручнасцей наша сям’я не адчула, – расказала жанчына. – Павячэралі пры свечках. Гэта так рамантычна! А яшчэ спаць паклаліся рана. Гэта таксама добра. Халадзільнік размарозіцца не паспеў.
“Дачка хвалявалася, што праспіць у садок”
Віляйчанка Таццяна Радзевіч у нейкім сэнсе радуецца таму, што ў горадзе на доўгі час знікла электрычнасць і вада – людзі значна ажывіліся, сталі кантактаваць адзін з адным, а не анлайн. Бабулькі выйшлі на лавачкі, моладзь прагульвалася па вуліцах. Горад запоўніўся смехам і размовамі. Толькі адзін магазін у горадзе жанчына знайшла адкрытым, усе пакупнікі ў ім жартавалі, смяяліся.
– Вельмі хвалявалася мая пяцігадовая дачка, – расказвае жанчына. – Ад прахожых яна пачула, што, магчыма, святла не будзе да раніцы. А ў мяне якраз разраджаўся тэлефон, на ім наводзілі будзільнік. Дачка баялася, што праспіць у садок, не сустрэнецца з сяброўкамі.
Да змяркання сям’я была на вуліцы. Увечары запалілі свечкі і ліхтарыкі. Расказвалі дачцэ пра прадзедаў, пра тое, што калісьці людзі жылі пры свечках.
– Добра, што з электрычнасцю і вадой усе наладзілася, – падсумавала жанчына. – Крыўдна ад таго, што большая частка людзей залежныя ад інтэрнэту. У звыклым жыцці яна незаўважная. Адсутнасць электрычнасці прымушае задумацца, што мы часцей размаўляем у інтэрнэце, а не ў вочы адзін аднаму.