У райвыканкаме намесніца старшыні Святлана Дзяруга, начальніца аддзела ЖКГ Вольга Малафей і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віктар Сярко 4 красавіка пракаментавалі сітуацыю жыхара Ільі інваліда Алега Бірукова.

– Мы не кінулі Алега Бірукова пад тэнтам, – пачала размову Святлана Дзяруга. – Мы ведаем пра яго праблему, яшчэ некалькі год таму дапамагалі ягонаму бацьку-нябожчыку – ветэрану вайны.

Па словах Святланы Міхайлаўны, дапамогу Алегу Бірукову прапаноўвалі. За тыя паўтара месяца, што ён ляжаў у бальніцы, маглі б адрамантаваць яго дом. Інвалід меў бы куды прыехаць.

Вядома, рамонт не бясплатны. Патрэбныя матэрыялы і рабочыя.

Аднак лес для будаўніцтва пагарэлец можа выпісаць ільготна. А аддзел ЖКГ прапанаваў бы недарагую будаўнічую брыгаду.

Сродкаў, якія Алег Бірукоў атрымаў у якасці страхоўкі за дом, на гэта б хапіла, упэўненая Вольга Малафей. Аднак такі варыянт інваліда не задаволіў.

Прапаноўвалі часова пажыць у сацыяльнай установе ў Куранцы, Іжы або Ільі. З яго пенсіі адлічвалі б 80-90%. Таму, па словах Віктара Сярко, пенсіі на такую ўстанову інваліду хапіла б.

Тым больш у Ільі, кажа Святлана Дзяруга, ён мог бы жыць адзін у палаце і назіраць за тым, як аднаўляецца дом, калі б сам гэтага захацеў.

Па словах Вольгі Малафей, будынак, дзе месцілася сельская бібліятэка ў Ільі, інваліду аддаць не могуць. Гэта незаконна, бо бібліятэка – не памяшканне для жыхарства. У будынку няма водаправода, каналізацыі, ацяплення, прысядзібнага ўчастка.

Райвыканкам гатовы арганізаваць суботнік валанцёраў у доме Алега Бірукова, падключыць ільянскі каледж і сельсавет. Аднак без яго згоды, гэтага не зробіш. А згоды зноў жа няма.

– Мы імкнёмся знайсці агульную мову, – кажа Віктар Сярко. – Днямі Алег Бірукоў павінны прыехаць ва ўпраўленне па сацыяльнай абароне, каб аформіць дапамогу па доглядзе.

Начальнік Упраўлення папярэдзіў супрацоўнікаў, каб інваліда прапусцілі без чаргі.

Па словах Віктара Сярко, для службы сацыяльнай абароны не важна, які чалавек і чаму ён інвалід.

Прынцып адзін: раз у чалавека бяда, яму трэба дапамагчы. Аднак, як дапамагчы, калі чалавек сам не хоча гэтага.

І па словах Святланы Дзяругі, адмаўляецца ад дапамогі ў грубай форме.