Спартыўны экалагічны рух, што паступова ахоплівае Беларусь, дайшоў да Вілейкі.

У нядзелю, 26 сакавіка, усе, хто хацеў скарыстаць час з карысцю для сябе і роднага горада, паўдзельнічалі ў спартыўна-экалагічным свяце Green Woorkout.

Задача ўдзельнікаў была адносна простая і звыклая – сабраць смецце на Вілляніным хутары і ў Ніжнім парку.

Аднак рабіць гэта трэба незвычайна. Па-першае, некалькі камандаў у збіранні смецця спаборнічаюць на хуткасць.

А па-другое, робяць гэта, выконваючы розныя спартыўныя практыкаванні: скачкі, кулькі, прысяданні.

Вілейская моладзь адгукнулася на прапанову арганізатараў. Для ўдзелу сабраліся пяць камандаў. Свята пачалося з размінкі і інструктажу. А пасля каманды ўзяліся за сваю непасрэдную задачу – збор смецця на вызначаных тэрыторыях.

 Фота logos.edu.minskregion.by.

Фота logos.edu.minskregion.by.

На заданне адводзілася 20 хвілін. За гэты час маладыя людзі прыбралі смецце, выконваючы спартыўныя практыкаванні. Збіралі па-рознаму: хадзілі на руках, рабілі адцісканні, скакалі на адной назе, дэманстравалі акрабатычную “расцяжку”.

Самыя смелыя дзяўчаты залазілі да хлопцаў на плечы, а самыя крэатыўныя танцавалі танец маленькіх лебедзяў.

Лідарам па колькасці сабранага смецця стала каманда вілейскай школы №1. У навучэнцаў “Логаса” атрымалася дастаць больш смецця з узбярэжжа Віліі. Вызначылася і каманда сярэдняй школы №5. Крэатыўных спосабаў для збору смецця гэтыя ўдзельнікі прыдумалі больш за ўсіх.

У выкананні самых складаных трукаў вызначылася каманда другой гімназіі. А вучням трэцяй школы пашанцавала найбольш: ім дасталася чыстая тэрыторыя.

Смецце рассартавалі і расклалі ў новенькія кантэйнеры для паасобнага збору. Пераможцаў узнагародзілі.

 Фота logos.edu.minskregion.by.

Фота logos.edu.minskregion.by.

Усяго ў свяце паўдзельнічала больш за 30 навучэнцаў вілейскіх школ.

Пра гэта расказала адна з арганізатараў свята намеснік дырэктара вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо.