Клас! Немцы!!! Такія захопленыя воклічы неаднаразова чула 19-гадовая немка Мірыям Кузьменка, калі трапіла ў Беларусь.
Пасля заканчэння школы ў нямецкіх дзяцей ёсць два шляхі: альбо паступаць ва ўніверсітэт, альбо падарожнічаць. Мірыям вельмі хацелася трапіць у іншую краіну, аднак на гэта не было грошай. Вырашыла падаць заяўку на адну з валанцёрскіх праграм.
Да кандыдатаў быў шэраг патрабаванняў: добры атэстат, удзел у разнастайных мерапрыемствах, выкананне творчага задання. Мірыям вучылася добра, у школе ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах, у інтэрнацыянальных конкурсах, з гэтым праблемаў не ўзнікла. Вывучала французскую, нямецкую мовы, лаціну, іўрыт. Хвалявалася толькі за творчае заданне. Але і з гэтым справілася. Яе кандыдатуру выбралі для працы ў Беларусі.
Меркавала, што будзе працаваць у Мінску, бо іншых гарадоў, акрамя Гомеля і Віцебска, не ведала і нават не чула.
– Калі сказалі, што паеду ў Маладзечна, разгубілася, што яшчэ за Маладзечна? – расказвае Мірыям. – Паглядзела ў інтэрнэце, вельмі спадабаўся горад, акуратны, дагледжаны, а самае галоўнае – невялічкі, як мой родны Хільдэн.
Маладзечна падабаецца Мірыям тым, што горад падобны на яе родны Хільдэн. Фота 1Maps.ru.
Дзяўчына прызнаецца, што баіцца перамен, аднак не ў гэтым выпадку.
– Ведала, што ў краіне пераважна размаўляюць па-руску, – адзначае дзяўчына. – Мая руская мова не самая лепшая, аднак не хвалявалася, што будуць праблемы ў камунікацыі. Часам нават хавала, што разумею па-руску. Аднойчы ехалі з сябрам на маршрутцы, падчас дарогі размаўлялі па-нямецку, выйшлі ў Маладзечне, падышоў незнаёмец і прапанаваў правесці экскурсію па горадзе. Спачатку думаў, што мы прыехалі не туды, якія немцы ў Маладзечне? Аднак усё патлумачыла.
Перажывала, хаця б матрац далі
Ва ўяўленні дзяўчыны Беларусь падавалася не сучаснай краінай.
– Меркавала, што ўмовы пражывання будуць не самымі лепшымі, – дзеліцца ўяўленнямі немка. – Спадзявалася, што дадуць хаця б матрац, каб спаць. Калі ж пашчасціць, магчыма, у пакоі будзе ложак, а на падлозе дыван савецкага ўзору. Меркавала, што жыць буду ў бабулькі альбо з адным з валанцёраў.
Вельмі здзівілася, калі ўбачыла, што Беларусь ідзе ў нагу з часам, а ў большасці дамоў няма савецкіх дываноў.
Беларусы, як кавуны; немцы, як персікі
Мірыям параўноўвае беларусаў з кавунамі. Фота ulpressa.ru.
Кінулася замежнай госці тое, што беларускі вельмі яркія ў адзенні і шчырыя ў зносінах.
– Калі параўноўваць беларусаў і немцаў, то першыя больш падобныя да кавуноў, – зазначае Мірыям. – На вуліцах яны вельмі заглыбленыя ў свае думкі, сур’ёзныя. Калі ж з імі пазнаёміцца бліжэй, аказваецца, што вельмі мяккія, добразычлівыя, гатовыя прыйсці на дапамогу. Немцы ж, нібы персікі, з выгляду вельмі добразычлівыя, аднак на самой справе жывуць толькі сваімі турботамі.
Чаму немцы думаюць, што Беларусь – частка Расіі
Дзяўчына адзначае, што многія немцы не ведаюць, што ёсць такая краіна, як Беларусь, думаюць, што гэта частка Расіі.
– Справа ў тым, што Беларусь па-нямецку гучыць, як Вайс Русланд, што ў перакладзе значыць Белая Расія, – тлумачыць Мірыям. – Таму многія немцы думаць, што Беларусь – гэта не асобная краіна. Цяпер тлумачу сябрам, што правільна гаварыць Беларусь, расказваю пра краіну, людзей.
Галоўнае, каб вучні не сумавалі
Мірыям працуе настаўніцай нямецкай мовы ў дзясятай гімназіі ў Маладзечне. Сваіх вучняў просіць называць яе на ты і па імені. Самае галоўнае для маладога спецыяліста, каб на яе занятках не было сумна.
– Большая частка заняткаў праходзіць у форме гульні, – расказвае настаўніца. – Самае галоўнае, каб дзецям было цікава, тады і веды будуць лепш засвойвацца. Ладзім кулінарныя заняткі, падчас якіх дзеці вучаць назвы прадуктаў і гатуюць пэўную страву, арганізоўваем тэатральныя імправізацыі. Цікавымі былі заняткі, калі дзеці чыталі тэкст па-нямецку, я з іншым валанцёрам перакладала. Дзеці выпраўлялі нашы памылкі ў вымаўленні, мы ў сваю чаргу іх.
Аднак маладой настаўніцы не заўсёды лёгка падрыхтавацца да заняткаў, бо не мае спецыяльнай адукацыі. Падоўгу сядзіць у інтэрнэце, каб знайсці цікавае рашэнне для пэўнай тэмы альбо выкарыстоўвае досвед калег.
– Цешыць, што дзеці вельмі актыўныя на занятках, не баяцца выказвацца і рабіць памылак. Галоўнае, іх расшавяліць, – расказвае Мірыям. – Часта на занятках так захапляюся, што шмат размаўляю па-нямецку. Калі перапыняюся, пытаюся ў дзяцей, ці ўсе зразумела, аказваецца, так.
Здзіўляе Мірыям прага да вучобы школьнікаў – выконваюць заданне не з меншым імпэтам нават тады, калі настаўнік выйшаў.
Мірыям планавала папрацаваць у Беларусі год, аднак настолькі спадабалася работа, што хоча адцягнуць момант ад’езду, працягне працу да жніўня.
– Менавіта стажыроўка ў Беларусі дапамагла вызначыцца з прафесіяй, – падсумоўвае Мірыям. – Як толькі вярнуся ў Германію, паступлю ва ўніверсітэт, каб стаць настаўніцай пачатковых класаў.
Мірыям плануе працаваць у Германіі. Там засталіся бацькі, сябры, па якіх сумуе.
– Прыязджала нядаўна на два тыдні, было цяжэй з’ехаць, чым тады, калі адпраўлялася ў невядомую мне Беларусь, – узгадвае Мірыям. – Бачыла, што бацькам і бабулі вельмі складана развітвацца са мной. Ад гэтага яшчэ цяжэй на душы.
Мірыям плануе вярнуцца ў свой родны Хільдэн. Фота hotelroomsearch.net.