Аповесць-казку “Маленькі прынц” французскага пісьменніка Антуана дэ Сэнт-Экзюперы пераклалі на трохсотую мову – арабскую мову хасанія. Пра гэта паведамляе партал тэлевізійнай сеткі France Info.
Такім чынам, кніга стала самай перакладанай ў свеце пасля Бібліі і Карана.
Хасанія – мова, на якой гавораць у Маўрытаніі і Заходняй Сахары, дзе яна мае статус дзяржаўнай.
– Гэтая мова, не вельмі вядомая шырокай публіцы, мела сімвалічнае значэнне для Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, таму што менавіта на поўдні Марока, дзе гавораць на хасаніі, аўтар знакамітай казкі чэрпаў натхненне, – адзначае рэсурс.
Казка, апублікаваная ў 1943 годзе, была прададзеная ў свеце накладам у больш як 200 мільёнаў асобнікаў.
Па-беларуску “Маленькі прынц” быў выдадзены ў 1989 у перакладзе Ніны Мацяш.
10 натхняльных цытат ад “Маленькага прынца”
- Пільнае адно толькі сэрца. Самага галоўнага вачыма не ўбачыш.
- Сапраўднае каханне пачынаецца там, дзе нічога не чакаюць узамен.
- Кахаць – гэта не значыць глядзець адзін на аднаго, кахаць – значыць разам глядзець у адным кірунку.
- Расстанне навучыць цябе кахаць па-сапраўднаму.
- Калі мы асэнсуем сваю ролю на зямлі, хай нават сама сціплую і непрыкметную, тады мы будзем шчаслівыя.
- Сябе судзіць куды цяжэй, чым іншых. Калі ты здолееш правільна судзіць сябе, значыць, ты сапраўдны мудрэц.
- Там добра, дзе нас няма.
- Усе мы родам з дзяцінства.
- … Ты заўсёды ў адказе за тых, каго прыручыў.
- Калі даеш сябе прыручыць, здараецца і плакаць.
Паводле “Нашай Нівы”.