Паліцыя ў паўночнай Індыі спрабуе высветліць асобу дзяўчынкі, якая жыла разам са зграяй малп у лясах штата Утар-Прадэш.

Дзяўчынка, якую знайшлі некалькі тыдняў таму ў лесе, не ўмее гаварыць. Па дадзеных паліцыі, ёй ад васьмі да дзесяці гадоў.

Са слоў лекараў, яна мае зносіны з дапамогай знакаў і жэстаў, характэрных для малпаў. Калі вартавыя парадку знайшлі дзяўчынку, яна была сярод малпаў і гуляла з імі, імітуючы паводзіны жывёл.

Упершыню дзіця ў зграі малпаў заўважылі жыхары вёскі блізу прыроднага запаведніка Катарніагхат ля мяжы з Непалам і паведамілі пра гэта паліцыі.

Як распавёў Бі-бі-сі прадстаўнік паліцыі Сурэш Ядава, жывёлы атакавалі паліцыянтаў, калі тыя паспрабавалі забраць дзіця.

Са слоў лекараў, дзяўчынка была знясіленая, а на целе ў яе былі траўмы. Першы час яна не магла сядзець на месцы і ўвесь час хадзіла на карачках па палаце і вішчала.

Цяпер яна адчувае сябе значна лепш, кажуць лекары. Пазней дзяўчынку перададуць сацыяльным службам, якія павінны будуць паклапаціцца аб яе навучанні і сацыялізацыі.

Паводле “Нашай Нівы”.