Дом №1 на вуліцы Машэрава называюць самым прыгожым у горадзе.
Яшчэ б! Вялізныя вокны на ўсю сцяну, якія выходзяць на гарадскі парк. У такім доме жыць – адно задавальненне.
Чаму мы так упэўнена пра гэта кажам, таму што пазнаёміліся з Анастасіяй. Яна жыве на першым паверсе ў новым доме і расказала “Рэгіянальнай газеце”, хто зайшоў у новую кватэру першым, што падарыў забудоўшчык і пра што марыць маладая гаспадыня сваёй уласнай кватэры.
– У кватэру першай зайшла я! – кажа гаспадыня аднапакаёвай кватэры. – У прыкметы я не веру, таму асабліва з пошукам ката не замарочвалася.
Анастасія купіла кватэру летась у снежні, а ўваходзіны адзначылі ў студзені.
– Для аднапакаёвай кватэры наша даволі вялікая: 45,5 квадратнага метра. Кухня вялікая, пакой прасторны.
Дзяўчына прызнаецца, што калі дом толькі пачаў будавацца, жыць у ім здавалася нязбыўнай марай.
– Думалі, што кватэры тут будуць каштаваць касмічна, але калі даведаліся пра кошт, вырашылі, што хочам жыць у новым доме, дзе ўсё новенькае.
Насця кажа, што не адна яна рада, што жыве ў гэтым доме.
– У нас і суседзі, відаць па усім, вельмі рады таму, што яны гаспадары кватэры менавіта ў гэтым доме, бо ўсе вітаюцца, усміхаюцца адзін аднаму.
Хаця суседзяў у іх пакуль няшмат.
– Або кватэры яшчэ не прададзеныя, або папросту яшчэ засяліцца не паспелі. Аднак і перфаратары па выхадных не будзяць. У кватэрах добрая шумаізаляцыя.
Калі падняць галаву ўгору і звярнуць увагу на балконы, становіцца зразумела, што аддзелачныя работы ў многіх яшчэ ў самым разгары. Тут, на балконах, стаяць будаўнічыя сумесі, ляжаць шпалеры, клей.
– У кватэры нічога не было. Толькі ў падарунак ад забудоўшчыка стаяла газавая пліта. І ўнітаз. Рамонт мы задумалі грандыёзны. Таму не адразу атрымалася заехаць.
Першае, што купілі ў новую кватэру, – гэта спальны гарнітур.
– Аднак паступова кватэру абставілі. Хаця працы ў ёй шмат. Яшчэ трэба дзе-нідзе паклеіць шпалеры.
Анастасія прызнаецца, што ў яе ёсць мара – на балконе паставіць толькі ўтульнае, прыгожае крэсла і стол.
– Каб па начах піць каву і глядзець на начны праспект. Ніякіх закатак і лыжаў у маёй кватэры не будзе.