На Нацыянальным прававым партале 14 красавіка апублікавалі пастанову №21 Міністэрства адукацыі ад 16 сакавіка 2017, згодна з якой быў зацверджаны спіс педагагічных спецыяльнасцяў, пры паступленнi на якія асобы залічваюцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных выпрабаванняў.

Цяпер для таго, каб паступіць на пэўныя спецыяльнасці ў педуніверсітэты, будзе дастаткова дыплому аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі.

Але не ўсё так проста, як падаецца на першы погляд. Для паступлення ў дакуменце аб адукацыі павінны быць:

  • адзнакі не ніжэй за 7 (сем) балаў па ўсіх вучэбных прадметах
  • адзнакі не ніжэй за 8 (восем) балаў па вучэбных прадметах, адпаведных прадметах профільных уступных выпрабаванняў (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, і па выніках гутаркі, якая праводзіцца ўстановай вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь у парадку, што ўстанаўліваецца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь)

Студэнты, якія паступяць такім чынам, будуць вучыцца на бюджэтнай форме навучання, але абавязаныя працаваць па размеркаванні не менш за пяць год пасля сканэчння ўніверсітэта.