Гэта далёка не ўся біяграфія аўтамабіля “Ніва”, які належыць маладзечанцу Станіславу Аўгусціновічу. 

Машына прарывалася праз снежныя заносы, пабыла ва ўгоне, яе спрабавалі перакупіць, спыніўшы проста на трасе, але гаспадар і нікому не прадае, і спісваць пакуль не збіраецца.

Гісторыя адной машыны ў маналогу яе адзі­нага гаспадара.

– Вось зусім нядаўна на дарозе мяне падразае вялізны бліскучы джып, з яго выходзіць кіроўца і просіць: “Баця, проста цяпер даю 2000 долараў і забіраю тваю “Ніву”. Я яму: “Што ж табе сваёй крутой тачкі мала? А ён мне: “На паляванне, на рыбалку – няма лепшай рэчы, як твая машына”.

Не буду прадаваць. Мне 77 гадоў, пакуль сам магу ездзіць, пакуль сам магу рамантаваць яе, не прадам.

Машыну Станіслаў Аўгусціновіч купляў у 1981 годзе. На “Жыгулі” тады была чарга на 40 гадоў наперад, а на “Масквіч” і “Ніву” не.

– Я тады так разважаў: цешча жыве ў глухой вёсцы, дзе асфальтам нават не пахне, ад добрай дарогі ісці кіламетраў шэсць. Ну, купіў бы тады “Масквіч”, ставіў бы яго і шэсць кіламетраў ішоў пешшу. Таму і выбраў “Ніву”. І ні разу пра гэта не пашкадаваў.  

Ратавала машына свайго гаспадара неаднойчы.

– Выпадак, які запомніўся найбольш, здарыўся зімой на Вілейскім вадасховішчы. Паехалі мы з прыяцелем на зімовую рыбалку з начоўкай. А за ноч снегу намяло столькі, што ад “Нівы” маёй застаўся бачным толькі дах. Сябар назаўтра стаў лямантаваць: “Ай, ай, мы ж тут да вясны застанёмся. Што рабіць? Што рабіць?” Я яму: “Пятровіч, не галасі. Прарвёмся”. Садзімся з ім у машыну, снег жа пухнаты, лёгкі, толькі ў бакі разлятаецца. Выехалі.

А ў ліхіх 90-х машыну ў Станіслава Аўгусціновіча ўгналі. Паўгода машына лічылася ва ўгоне.

– Як гэта адбылося. Машына стаяла ў гаражы ў двары дома. І вось ноччу зладзеі, калі не змаглі зламаць замкі, з даху гаража паздымалі шыфер, улезлі ўнутр і знутры адчынілі гараж. Акрамя машыны, забралі з гаража кучу іншага дабра. Па савецкіх грашах, суму шкоды ацанілі амаль у 400 рублёў. А потым адбылася грашовая рэформа, з’явіліся зай­чыкі, і шкоду тую так  ніхто і не вярнуў.

У той час Станіслаў Аўгусціновіч працаваў таксістам.

– Даводзілася шмат каго вазіць. Быў знаёмы “злодзей у законе”. Ён так і сказаў: “Нашы не маглі скрасці. Але пад­кажу, хто”.

Машыну праз паўгода знайшлі ў гаражы амаль на суседняй вуліцы. А да гэтага, як потым расказаў злодзей, а ім аказаўся сусед, машына месяц стаяла ў гаражы, потым тры месяцы яе хавалі ў Мядзеле.

Машыну, расказвае гаспадар, давялося аднаўляць амаль з нуля.

– З машыны павымалі новыя запчасткі, што-нішто замянілі на старое, з салона павыдзіралі ўсё, што маглі.

Станіслаў Аўгусціновіч расказвае, што хоць машына з кожным годам вымагае ўсё больш часу, каб прывесці яе ў належны стан, але тэхагляд праходзіць штогод з першага разу.

– Машына ні разу не была фарбаваная. На ёй няма ніводнага жучка, ні намёку на ржавенне. Я рэгулярна змазваю ўсе парогі адпрацаванай алівай. Машына не сказаць, што эканомная. Яна расходуе больш за 10 літраў на 100 кіламетраў, але ў багажнік восенню змяшчаецца ледзьве не ўвесь агарод: і некалькі мяхоў бульбы, і капуста, і буракі, і морква, і цыбуля. 

Машына за 36 гадоў свайго жыцця зведала многае. Не раз білі вокны, каб скрасці яе з двара, але ў зладзеяў не атрымалася, бо Станіслаў Станіслававіч зрабіў адну прыладу, не ўключыўшы якую, машына не завядзецца. За машыну прапаноўвалі вялікія грошы і нават аддавалі за яе карову. Ні на што не пагаджаецца Станіслаў Аўгусціновіч.

– Памяняць не штука. Але што я куплю ўзамен? Іржавае карыта? Не, не хачу. Пакуль магу, пакуль умею, аранжавая “Ніва” будзе ездзіць па Маладзечне.

“Нівы” барозняць прасторы Японіі, Канады і Аўстраліі

5 красавіка “Ніва” адзначыла сваё 40-годдзе. Першапачаткова машына задумвалася як  “аўтамабіль падвышанай праходнасці на базе “Жыгулёў” для жыхароў вёскі”.

Але назва “Ніва” паходзіць зусім не ад назвы ўрадлівых палёў, а ад першых літар імён дзяцей яе стваральнікаў: Наталлі і Ірыны Прусавых і Вадзіма і Андрэя Салаўёвых.

У пачатку 80-х гадоў, “Ніў” выпускалася да 100 000 у год.

“Ніва” – адзіны савецкі аўтамабіль, які прадаваўся ў Японіі. Але і цяпер, як сцвярджаюць уладальнікі гэтага аўтамабіля, “Ніву” можна ўбачыць на дарогах Ісландыі, Крыта, Аўстраліі, Грэнландыі.

У 2013 годзе з канвеера выйшаў двухмільённы аўтамабіль.

Але і цяпер “Нівы”, якія сёння называюцца “Лада 4Х4”, працягваюць выпускацца. І 40 гадоў свайго існавання, звычны ўсім выгляд аўтамабіля з круглымі фарамі і “броўкамі-паваротнікамі”, так і не змяніў свайго аблічча.

На “Ніве” ездзіў сам Сільвестр Сталоне

“Ніва” шмат здымалася ў кіно, прычым не толькі ў савецкім або расійскім.

Мяркуем, шмат хто помніць, што ў фільме “ДМБ” у канцы яго генералы менавіта на гэтай машыне прыехалі на паляванне. У фільме “Візіт да Мінатаўра” міліцыянер на “Ніве” даганяе злачынцу на ЗІЛе, з’яўляецца “Ніва” і ў культавым фільме 90-х “Любіць па-руску”.

Знялася “Ніва” і ў двух серыях Джэймса Бонда – “Залатое вока” (1995 год) і “І цэлага свету мала” (1999 год), у фільме “Фарсаж 6”, у новым “Рабакопе”, у фільме з Сільвестрам Сталоне “Нястрымныя”, у італьянскім бестселеры “Спрут 7”. 

 “Ніва” здымалася ў эпізодах фільма з Джэкі Чанам “Хто я?” і “Гадзіна пік”. Ездзіў на “Ніве” і Жан Рэно ў фільме “Карсіканец”.

Здымалася “Ніва” ў французскіх, іспанскіх, італьянскіх, шведскіх, нідэрландскіх, англійскіх, егіпецкіх фільмах.

Зорка, што яшчэ сказаць.