Прапануем вам тры серыялы, якія дакладна вас не расчаруюць. А галоўнае, што яны будуць цікавыя і дзецям, і дарослым.

1. “Мэрлін”

Брытанія, 2008-2012, 5 сезонаў.

Фэнтэзійны серыял распавядае гісторыю сяброўства і змагання са злом Артура Пендрагона і чараўніка Мэрліна. У гэтай інтэрпрэтацыі Артур і Мэрлін – маладыя людзі, прычым вялікі маг становіцца служкай прынца пры двары яго бацькі караля Утэра.

Пікантнасці сітуацыі дадае тое, што Утэр апантана змагаецца з чараўніцтвам і карае смерцю любога, каго лічаць ведзьмаком. Мэрліну даводзіцца хаваць сваю магутную чароўную моц, і пры гэтым з дапамогай яе ратаваць жыццё Артуру і само каралеўства.

У серыяле шмат кранальных, рамантычных і смешных момантаў. Чым бліжэй да канца серыяла, тым больш у ім драматызму і цемры, але да канца застаецца ўсё тое, за  што гледачы палюбілі гэты праект. А персанажы вядомай легенды паўстаюць зразумелымі і блізкімі. Выдатны спосаб адпачыць усёй сям’ёй.

2. “Аднойчы ў казцы”

Амерыканскі серыял, ад 2011 года, на сёння 6 сезонаў.

Аднойчы да Эммы прыйшоў яе сын, якога яна шмат год таму аддала на ўсынаўленне. Хлопчык верыў, што ўсе, хто жыве ў яго горадзе, на самой справе персанажы казкі, зачараваныя злой чараўніцай – яго прыёмнай мамай, мэрам горада. І выратаваць усіх можа толькі Эмма.

Усе ставяцца да гэтага як да дзіцячай фантазіі, пакуль яго версія не пачынае пацвярджацца.

Апавяданне ў серыяле адбываецц на двух пляцоўках – рэальнай і казачнай. Прычым у другой лініі апрацаваныя розныя казкі, вядомыя з дзяцінства. У рэальнай лініі ёсць “дарослыя” эпізоды, таму серыял варта глядзець разам – бацькам з дзецьмі.

3. “Гравіці Фолз”.

Амерыканскі анімацыйны серыял, 2012-2016 год, 2 сезоны.

Брат і сястра на ўсё лета паехалі да свайго сваяка, дзіўнаватага гаспадара містычнага магазіна. Яны адкрываюць тайны гарадка, у якім толькі няма пачвар і дзівоцтваў.

Усё можна пераадолець, калі разам блізкі і надзейны чалавек, нават выратаваць свет ад разбурэння. Хаця серыял у выглядзе анімацыі, у ім няма залішняй дзіцячасці. А тэмы пра тое, як прызнацца ў каханні, знайсці свайго адзінага, захаваць добрыя адносіны ў сям’і раскрываюцца смешна і для дзяцей, і для дарослых. Пры гэтым у серыяле шмат простай і шчырай весялосці. Прыемнага прагляду!