Хаця віктарына толькі набірае абароты, але 18 мая ўжо адбудзецца першы фінал.

Каманда “Рэгіянальнай газеты” стала ­ўдзельніцай чацвертай адборачнай гульні.

Так бы мовіць, паглядзела на ўсё знутры і пасля пагутарыла  з вядучай Маргарытай Шытыкай, каб тая раскрыла таямніцы шоу, якія простым удзельнікам недаступныя.

Гульня “Прасцей простага” складаецца з пяці тураў.

Першы – інтэлектуальная размінка, якая складаецца з 20 пытанняў з розных галін ведаў. Напрыклад, у нашай гульні трэба было адказаць на пытанні: сталовымі прыборамі з якога металу загадаў Напалеон карыстацца  сваім самым дарагім гасцям або што прыдумалі жанчыны, якіх вельмі часта цалавалі ў лоб.

Другі конкурс – зноў 20 пытанняў, якія на гэты раз тычыліся Беларусі і гісторыі Беларусі. Напрыклад, у каго маглі пераўтварацца неўры або які горад узнік на месцы вёскі Шацілкі ці хто аўтар “Першага чытання для дзетак беларусаў”.

У трэцім конкурсе трэба было як мага больш дакладна адказаць, якой колькасці беларускіх жанчын падабаюцца мужчыны з доў­гімі валасамі ці колькі мужчынаў штодзённа карыстаюцца крэмам пасля галення.

У  чацвёртым конкурсе, музычным, трэба было адгадаць песню. Здавалася б, што можа быць прасцей, калі нават усе словы былі на месцы. Словы на месцы, а вось музыкі не было. Хто б мог падумаць, што ў вершаваных радках будзе так складана пазнаць знаёмыя усім хіты. 

Апошні конкурс нагадваў усім вядомую гульню “Кракадзіл”. Трэба было інсцэніраваць вядомыя фільмы.

Хто б мог падумаць, што ў хлопца з нашай каманды настолькі выдатна атрымаецца паказаць Тэрмінатара, што група нашай падтрымкі адгадае фільм на першай секундзе.

Апошні конкурс быў разлічаны так, што тое, што загадваюць каманды, павінны адгадаць балельшчыкі каманды.

На жаль, але наша каманда ў гэтым пытанні не спрацавала і нас падтрымлівалі толькі некалькі нашых сяброў.

Чаго не скажаш пра каманду-саперніцу.

Гулялі мы супраць маладзечанскіх дактароў. У іх група падтрымкі спрацавала на ўра, але ўсё ж хочацца заўважыць, што нават са сцэны відаць, як балельшчыкі каманды пад­глядвалі правільныя адказы ў інтэрнэце са сваіх мабільных тэлефонаў.

У першым сезоне гульні “Прасцей простага”, акрамя каманды “Рэгіянальнай газеты” і ЦРБ, паспрабавалі свае сілы калектыў “Камунальніка”, “Беларусбанка”, Маладзечанскіх электрасетак, камбіната хлебапрадуктаў.

– Хаця ідэя інтэлектуальнай гульні з’явілася ў маёй калегі Ніколь Грыгаран, – расказвае Маргарыта Шытыка, – але “карпаратыўнае” адценне надала гульні я. Вельмі хацелася, каб людзі, якія працуюць разам, мелі магчымасць адпачываць, знаёміцца. Ды і веды ў гульні – не галоўнае. Галоўнае, шоу, эмоцыі, адрэналін.

Эмоцыі на гульні, сапраўды, шчырыя і сапраўдныя. Справа нават не ў прызах і дыпломах. Яны былі на гульні, але нашмат больш каштоўным з’яўляецца тое, што арганізатары гульні і непасродна сама вядучая, Маргарыта Шытыка (а яна не толькі вядзе гульню, але і актыўна прыкладае намаганні, каб і пытанні былі складанымі і разнастайнымі, і каб гульцы без падарункаў дадому не пайшлі) робяць усё, каб тым, хто прыйшоў на гульню, вечар запомніўся цёплым і цікавым.   

– Мне вельмі прыемна, калі пасля гульні мне тэлефануюць людзі, каб падзякаваць за тое, што зноў ім было цікава. 

Фінал гульні запланаваны на 18 мая. У ім паспаборнічаюць ажно чатыры каманды.

– Правілы крыху зменяцца, але што чакаць камандам, пакуль сюрпрыз. Адзінае, што магу сказаць, цікава будзе не толькі гледачам, але і ўсім у зале.  Таму я запрашаю ўсіх адкласці свае справы ў чацвер, 18 мая, і прыйсці, каб пад­трымаць каманду, якая спадабаецца вам больш за ўсё. Уваход на гульню вольны.

А мы, карыстаючыся магчымасцю, хочам запрасіць маладзечанцаў стаць заўзятарамі каманды “Рэгіянальнай газеты”. У гульні наша каманда завецца “Бабры”. Не пераблытайце.