Сезон 2017 года не толькі для каманды “Мала­дзечна-ДЮСШ-4”, але і для ўсіх заў­зятараў футбола абяцае быць насычаным.

Прадстаўнікі каманды з’яўляюцца на тэлебачанні ў розных спартыўных праграмах, у сацыяльных сетках балельшчыкі абмяркоўваюць і планы каманды, і небыліцы пра яе.

“Рэгіянальная газета” вырашыла расставіць кропкі над “і” і патлумачыць усім неабыякавым да футбола, што ж цяпер адбываецца з камандай і чаго нам чакаць у перспектыве.

Старшыня праўлення ФК “Маладзечна- ДЮСШ-4” Андрэй Іваненка пракаментаваў тое, што хвалюе многіх.

1. Ці праўда, што ў каманды з’явіцца новая форма?

– Так. Мы пастараемся бліжэй да першага дамашняга матча надрукаваць новы імянны камплект формы. Ён будзе класічны белы з невялікай прысутнасцю зялёнага. Менавіта ён будзе асноўны ў гэтым сезоне. Прозвішчы гульцоў будуць напісаныя па-беларуску. Такое рашэнне было прынятае калегіяльна, але і нашы заўзятары яго адобрылі.

2. Ці праўда, што ў склад каманды ўвойдуць толькі маладзечанцы?

– Не зусім дакладна.  Цяпер у складзе каманды ёсць тры гульцы не з Мала­дзечна – мы іх паклікалі закрыць праблемныя пазіцыі. У астатнім бу­дзем старацца справіцца сваімі, маладзечанскімі, сіламі.

На старце сезона склад каманды выглядае так:

Варатары: Антон Галгоўскі, 21 год, Ва­дзім Хмяльніцкі, 22 гады, Радзівон Субач, 17 гадоў.

Абаронцы: Аляксандр Альховік, 35 гадоў, Сяргей Дрозд, 34 гады, Прохар Новікаў, 26 гадоў, Мікіта Харко, 25 гадоў, Юры Бугай, 24 гады, Арцём Грыб, 22 гады, Андрэй Бічун, 20 гадоў, Сямен Хаткевіч, 19 гадоў, Уладзіслаў Шастаковіч, 18 гадоў.

Паўабаронцы: Дзмі­тры Касцюк, 31 год, Юры Пустаход, 31 год, Юры Малько, 27 гадоў, Ігар Нарожнік, 27 гадоў, Віктар Голуб, 26 гадоў, Сяргей Лавор, 24 гады, Павел Галубовіч, 23 гады, Сяргей Галюк, 22 гады, Аляксей Вышынскі, 21 год, Іван Клімовіч, 20 гадоў, Артур Кунцэвіч, 19 гадоў, Уладзіслаў Валасевіч, 19 гадоў, Ягор Майстровіч, 18 гадоў, Аляксандр Бабій, 16 гадоў.

Нападаючыя: Максім Чабрыцкі, 32 гады, Руслан Шукеловіч, 31 год, Ігар Талькоўскі, 24 гады, Антон Талстой, 18 гадоў.

Трэнеры: Сяргей Дараховіч, 39 гадоў, Мікалай Татун, 37 гадоў і Віталь Макрыцкі 37 гадоў.

3. Ці праўда, што каманда захавала ў сваёй назве ДЮСШ па асабістай просьбе трэнера Пятра Кухальскага?

– Абсалютна дакладна. Пётр Мікалаевіч слушна настаяў на тым, што абрэвіятура ДЮСШ-4 павінна застацца ў назве, раз 90% гульцоў з’яўляюцца яе выхаванцамі.

4. Ці праўда, што сёлета ў маладзечанцаў з’явяцца спонсары нават з-за мяжы?

Не зусім дакладна. У нас, сапраўды, плануюцца невялікія штомесячныя паступленні з Расійскай Федэрацыі і Нідэрландаў. Аднак гэта будзе аплата за паслугі, якія мы плануем аказваць нашым замежным партнёрам, а не спонсарская дапамога. Ды і сума падобных паступленняў будзе абсалютна невялікая – яна складзе 5-10% клубнага бюджэту.

5. Ці праўда, што дамашнія матчы каманды будуць бясплатныя?

– Так, на ўзроўні другой лігі гэта эканамічна мэтазгодна, паколькі затраты на вядзенне білетнай гаспадаркі супастаўныя з выручкай. Пакуль зарабіць на гэтым у клуба не атрымаецца.

6. Ці праўда, што каманда выбірае маскота (талісманам каманды) і ці значыць гэта, што для заўзятараў кожная гульня будзе святам?

– Маскот ўжо абраны, аднак валявым рашэннем мы адмовіліся ад  маскота “Сонейка”, які перамог у галасаванні – звязваць сімвалізм горада і футбольнай каманды ў дадзеным выпадку не зусім дарэчы. Таму пытанне па маскоце яшчэ некаторы час будзе адкрытым. Што ж тычыцца стварэння святочнай атмасферы, то і тут мы будзем рухацца невялікімі крокамі.

Мы не можам дазволіць сабе адлічэнні па 20-30 мільёнаў на маркетынг за матч, як гэта рабіла “Іслач”.

Таму пастараемся рабіць свята непасрэдна з самога футбола.

7. Ці праўда, што ў каманды з’явіцца свой сайт?

– Магчыма, у хуткім часе будзе і сайт. Але ён пакуль не з’яўляецца першараднай задачай – сайты футбольных клубаў з’яўляюцца хутчэй іміджавым момантам, чым інфармацыйнай крыніцай. Даносіць інфармацыю з дапамогай сацыяльных сетак цяпер і зручней, і танней, і больш эфектыўна.

8. Ці праўда, што сёлета ў другой лізе будзе гуляць 13 камандаў. Здаецца “Мантажнік” адмовіўся ад гульні?

– Камандаў, падобна, будзе ўсё ж такі 14: у апошні вагон паспеў заскочыць “Спадарожнік” з Рэчыцы, які заняў месца “Мантажніка” з Мазыра, які ўсё ж адмучыўся ў безграшовых пакутах.

9. І, нарэшце, ці праўда, што Маладзечна вый­дзе ў першую лігу ў гэтым сезоне ?

– Такая задача перад камандай сапраўды ставіцца. Аднак бравадных фраз кідаць не варта: футбол выхваляння не даруе. Трэба выходзіць і даказваць права гуляць у першай лізе па спартыўным прынцыпе, гуляць толькі на перамогу ў кожным матчы. Лічу, што нашаму складу выканаць гэту задачу пад сілу. Усё ў руках і нагах маладзечанцаў.