У доўгі спіс Прэміі Цёткі, якую ўручаюць за найлепшую дзіцячую кнігу і яе мастацкае афармленне, сёлета ўвайшлі 38 аўтараў і 22 мастакі. Лаўрэаты будуць абвешчаныя 28 красавіка. У спісе  кніга “Бася і Піглас”  пісьменніцы Надзеі Букі, ураджэнкі Маладзечна.

Надзя Бука стварыла цудоўную гісторыю пра Басю, якая намалявала сабе сябра, які размаўляе бурбалкамі, харчуецца прышчэпкамі і выводзіць птушанятаў у гняздзе з грабеньчыкаў.

А яшчэ ён дапамагае і выратоўвае ў складаных сітуацыях, як і павінен рабіць кожны сябар.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Звязда”.

Хоць аўтарка сама ілюстравала кнігу, твор фігуруе толькі ў адным спісе – не мастацкім.

Пераможцаў вызначаць у дзвюх намінацыях: за найлепшы твор для дзяцей і падлеткаў і за найлепшае мастацкае афармленне.

Кожны лаўрэат атрымае грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000 доларам, заахвочвальных прызоў не прадугледжана.

Заснавальнікі ўзнагароды – Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і дабрачынны фонд “Вяртанне”.

Апякункай прэміі за найлепшую беларускую кнігу для дзяцей і падлеткаў выбралі Алаізу Пашкевіч (Цётку), аўтарку “Першага чытання для дзетак беларусаў”, рэдактарку часопіса для дзяцей і моладзі “Лучынка”, стваральніцу беларускай школы ў Вільні, пачынальніцу масавай беларускамоўнай адукацыі.