Як змяняецца Валожын?

Праект «Валожын без бар’ераў» стартаваў восенню 2015 года: мясцовыя ўлады хочуць падвысіць турыстычную прывабнасць раёна: зрабіць яго даступным для турыстаў з інваліднасцю і палепшыць жыццё мясцовых жыхароў з абмежаванымі магчымасцямі. Іх у Валожынскім раёне каля 2100 (амаль 6% ад усяго насельніцтва раёна).

Праект, які завершыцца у 2019 годзе, павінен стаць натхняльным прыкладам для мясцовых уладаў па ўсёй Беларусі.

За перамены ў Валожынскім раёне адказваюць адразу чатыры партнёры – Валожынскі райвыканкам, грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў», аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» і некамерцыйны фонд «Інтэракцыя».

Еўрапейскі саюз на «безбар’ерную» інфраструктуру Валожынскага раёна выдаткуе каля 500 тысяч еўра.

Як распавялі ў фондзе «Інтэракцыя», у Валожынскім раёне зробяць даступнымі для людзей з інваліднасцю да 30 аб’ектаў. Напрыклад, у Валожыне з’явяцца пандусы і поручні ля ўваходу ў паліклініку, бібліятэку, Дом культуры, кінатэатр. У Івянцы для інвалідаў-калясачнікаў адаптуюць паліклініку і музей.

У 2018 годзе ў будынку, дзе зараз месціцца аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў, адкрыецца Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут будзе хостэл на 20 месцаў, інфармацыйны пункт і канферэнц-зала са спецыяльным абсталяваннем для слабавідушчых і людзей са слабым слыхам. З’явіцца і як мінімум адна вакансія для чалавека з інваліднасцю.

«Невыязны»: звычайная гісторыя

І хоць «Валожын без бар’ераў» –  гэта ініцыятыва па развіццю безбар’ернага турызму ў Беларусі, у першую чаргу перамены ў горадзе патрэбныя мясцовым жыхарам – людзям з абмежаванымі магчымасцямі, пажылым гараджанам, бацькам з маленькімі дзецьмі.

35-гадовы інвалід-калясачнік Алег Клачко з кватэры на другім паверсе пяціпавярхоўкі ў Валожыне амаль «невыязны», як кажа ён сам. На парозе нас сустракае гаспадыня кватэры і мама Алега – Наталля Баляславаўна.

Гісторыя Алега не ўнікальная: у інвалідным крэсле ён апынуўся пасля няўдалага скачка ў ваду пяць гадоў таму. Пашкодзіў пяты пазванок. Ачуўся ўжо ў рэанімацыі.

Раней Алег працаваў кіроўцам, ездзіў па Беларусі, сёння нават на вуліцах роднага горада не бывае – з-за адсутнасці ў пад’ездзе пандусаў. Ад красавіка па лістапад Алег праводзіць на лецішчы: у 15 кіламетрах ад Валожына дом бабулі і дзядулі.

Там свежае паветра і безбар’ернае асяроддзе, якое арганізаваў брат. Ложак (спецыяльны, адаптаваны пад патрэбы – з пультам, пад’ёмнікам) у Алега дзве. За першым пасля таго, як здарылася трагедыя, ездзілі ў Ваўкавыск, другую ў мінулым годзе вылучыла сацыяльная служба. Да гэтага даводзілася кожныя паўгода вазіць на дачу і назад 200-кілаграмовы груз.

Калі ведаеш, што цябе любяць, жыць тады хочацца

Наталля Радзівілка ўжо 10 гадоў працуе вядучым спецыялістам у Валожынскім сельскім савеце. Дзіцячы цэрэбральны параліч паўплываў на хаду Наталлі, але не на жаданне жыць паўнавартасна і актыўна.

У Наталлі 30 гадоў працоўнага і амаль 15 гадоў вадзіцельскага стажу.

У 1995 годзе выйшла замуж, у 1997 нарадзілася дачка, якая цяпер вучыцца на трэцім курсе БНТУ.

Да таго, як ўладкавалася ў сельскі савет, Наталля была бухгалтарам у калгасе, працавала ў дзіцячым санаторыі «Налібоцкая пушча».

– Я ніколі сябе інвалідам не лічыла, і заўсёды ўсяго дабівалася, – кажа Наталля. – А ёсць тыя, хто апускаецца, нічога не хоча. Альбо не можа выбрацца з дому, альбо сам сябе маральна апускае: я інвалід, значыць хворы чалавек. Усё залежыць ад твайго ўнутранага стану – ад таго, як думаеш і як сябе настроіш. Дзесьці і сям’я ролю адыгрывае: калі ведаеш, што цябе любяць, жыць тады хочацца.

У Наталлі 30 год працоўнага стажу і 15 – стажу кіроўцы.

У Наталлі 30 год працоўнага стажу і 15 – стажу кіроўцы.

Наталля называе «балючыя кропкі» безбар’ернага асяроддзя ў Валожыне:

– Трэба ўладкоўваць пешаходныя пераходы. Залазіць на высокія бардзюры вельмі цяжка. У многія крамы не патрапіць, асабліва інваліду-вазочніку. Іншы раз – тры прыступкі, і я сама думаю, як пераадолець іх.

Наталлі хацелася б, каб людзі з інваліднасцю маглі патрапіць туды, куды хочуць. Каб не замыкаліся седзячы дома, маглі перасоўвацца без старонняй дапамогі. Як за мяжой: адпачыць недзе, за горад выехаць, да рэчкі дабрацца.

Калі людзі з інваліднасцю змогуць самастойна наведаць Налібоцкую пушчу

У Валожынскім раёне ўжо выбралі аб’екты, якія адаптуюць для людзей з інваліднасцю. Камісія з сацработнікаў, спецыялістаў у галіне архітэктуры, аграэкатурызму, прадстаўнікоў Беларускага таварыства інвалідаў ад сакавіка па жнівень 2016 года праверыла на даступнасць амаль 300 аб’ектаў раёна. У спісе – пошты, бібліятэкі, бальніцы, школы, крамы і 18 аграсядзібаў Валожынскага раёна, куды могуць прыехаць патэнцыйныя турысты з інваліднасцю.

Віктар Субач, які ўзначальвае Валожынскую раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў, «праінспектаваў» у мінулым годзе ўвесь раён.

 – Быў такі выпадак, – успамінае Віктар. – Прыехалі мы маніторыць валожынскі вакзал. Пайшоў да дырэктара, пытаюся: «А звяртаюцца да вас інваліды-калясачнікі?» – «А ў нас іх няма», – адказвае. Як яны ў вас будуць! .. Вакол будынка прыступкі, бардзюры высокія.

Віктар Субач – старшыня валожынскай арганізацыі інвалідаў.

Віктар Субач – старшыня валожынскай арганізацыі інвалідаў.

 

– У нас усе мерапрыемствы ладзяць у Доме культуры, – распавядае Ларыса Шчарбачэвіч, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў у Валожыне. – Другі год праходзіць інклюзіўны фестываль творчасці дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі. А гэта 250 чалавек. З Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната прыязджаюць. Але зайсці ў Дом культуры немагчыма: всех калясачнікаў нясём на руках.

У аддзяленні людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць наведваць 12 гурткоў і дзве працоўныя майстэрні (раслінаводства, дрэваапрацоўка, ткацтва, малюнак, батык). Наведвальнікаў – больш за 20 чалавек. Некаторыя з іх жывуць за 30-40 кіламетраў ад горада. За грошы праекта набылі спецыялізаваны транспарт – мікрааўтобус, адаптаваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

У Налібоцкай пушчы ўжо абсталявалі экалагічную сцежку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Адкрыюць сцежку ў канцы чэрвеня, распавяла менеджар фонду «Інтэракцыя» Ірына Іванова. Турыстычная і адукацыйная экасцяжыны працягласцю 2 кіламетры праходзяць побач з берагам маляўнічай ракі Іслач.

Уздоўж яе – альтанкі, лавачкі, крытая пляцоўка, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць спыніцца і атрымаць турыстычную інфармацыю. З’явяцца інфармацыйныя таблічкі – у тым ліку даступныя для людзей са слабым зрокам.

Фотаздымкі Дзяніса Зелянко і аўтара.

zautra.by.