– У пост маладыя пары не рызыкавалі ладзіць вяселлі, – адзначае начальніца аддзела ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама Ала Івашкевіч. – Пераважна распісваліся пары, якія бяруць паўторны шлюб, якім трэба ўпарадкаваць дакументы; некалькі пар, у якіх нявесты былі цяжарныя.

Для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу выбіралі даты пасля Вялікадня. Пачынаючы ад 21 красавіка ў ЗАГСе аншлаг, у гэты дзень бяруць шлюб 13 пар. Пры гэтым рэгістрацыі будуць ад самай раніцы. Напружаны дзень у работнікаў ЗАГСа і 28, і 29 красавіка. А пасля гэтага для вяселляў перапынак.

У маі ўрачыстыя вяселлі – адзінкавыя выпадкі, – дзеліцца досведам начальніца аддзела ЗАГС Маладзечанскага райвыканкама. – Баяцца маладыя ўсё жыццё маяцца. Таму не рызыкуюць звязаць сябе шлюбам. Аднак сустракаюцца пары, якія ідуць насуперак усім перасцярогам, напрыклад, жэняцца ў маі ў высакосны год.  Былі маладыя, якія спецыяльна чакалі пятніцу, 13-га, каб ажаніцца. Пры гэтым вельмі прасілі, каб іх распісалі ў 13:00.

Работнікі ЗАГСа ўпэўненыя, калі ёсць перасцярога наконт даты вяселля, то лепш пачакаць іншага дня, не рызыкаваць сваім будучым шчасцем, не трэба выпрабоўваць лёс. Калі пачуцці сапраўдныя, варта ўсё ж пачакаць некаторы час.

У чэрвені таксама няшмат вяселляў, у сярэднім 10-11 пар па пятніцах і суботах. Гэта можа быць звязанае з тым, што ад 12 чэрвеня і да 11 ліпеня доўжыцца Пятроўскі пост.

У ліпені маладым палюбіліся суботы, – зазначае Ала Івашкевіч. – Пачынаючы ад 15 ліпеня запоўненыя ўсе суботы.  На пятніцы яшчэ ёсць месцы. Вельмі насычаны будзе і жнівень. Ужо пададзеныя заявы на 2 і 9 верасня. У кастрычніку пакуль толькі адна дата забраніраваная – 14 кастрычніка, на Дзень Маці.

Як адзначаюць у ЗАГСе, папярэдне можна запісацца на любую дату, каб спакойна рыхтавацца да ўрачыстасці.

Для неўрачыстай рэгістрацыі  шлюбу месцы ёсць на ўвесь год.

Колькі каштуе ажаніцца?

Інфаграфіка rh.by.

Інфаграфіка rh.by.

Пытаюцца маладыя і пра выязныя шлюбы. Аднак часта спыняе цана – паслуга каштуе 10 базавых велічынь (230 рублёў).

Калі на вашай урачыстасці будзе да 30 чалавек, за паслугу трэба заплаціць дзве базавыя велічыні (46 рублёў). Калі будзе прысутнічаць больш за 30 чалавек, прыйдзецца аддаць тры базавыя велічыні (69 рублёў). Рэгістрацыя будзе праходзіць у рэгістрацыйнай зале.

Калі вы вырашылі засведчыць свае адносіны ў коле самых блізкіх людзей, да дзесяці чалавек, урачыстасць будзе праходзіць у малой зале, будзе каштаваць 1 базавую велічыню (23 рублі). Калі на ўрачыстасці будуць прысутнічаць чатыры чалавекі, маладыя і сведкі, вам прапануюць засведчыць адносіны ў кабінеце. Абыдзецца гэта ў 0,5 базавай велічыні (11 рублёў 50 капеек).