Ірына Касцевіч нагадала, што ў красавіку ва ўсіх рэгіёнах была разгорнутая маштабная работа ў гэтым накірунку. «Мы дайшлі да кожнага чалавека. За красавік працаўладкавалі больш за 85 тысяч чалавек, – падкрэсліла яна. – Хто хацеў, той быў працаўладкаваны».

Міністр адзначыла, што цяпер на рынку працы досыць стабільная сітуацыя. Па апошніх звестках, колькасць занятых у эканоміцы вырасла на 5,6 тысяч чалавек.

«Ёсць станоўчая дынаміка па росце занятых у эканоміцы і па працаўладкаванні», – сказала Ірына Касцевіч.

У далейшым, па словах міністра, трэба будзе вырашаць праблему дысбалансу попыту і прапановы на рынку працы. Што тычыцца яшчэ адной важнай задачы – стварэння ў 2017 годзе 70 тысяч новых працоўных месцаў, у яе рашэнні таксама назіраецца станоўчая дынаміка. У першым квартале адзначаецца рост колькасці прадпрыемстваў.

Ірына Касцевіч нагадала, што ў Беларусі прымаюцца меры для разняволення дзелавой ініцыятывы, палягчаюцца ўмовы для стварэння і вядзення бізнесу. Гэта павінна спрыяць з’яўленню новых працоўных месцаў, і ў Мінпрацы чакаюць добрых вынікаў.

Міністр звярнула ўвагу, што паводле статыстыкі 2016 года зарплата на новых працоўных месцах вышэй, чым сярэдняя па краіне.

БелТА.